Пошук

Фота Віталія Палінеўскага

Рэдакцыя парталу Catholic.by атрымлівае шмат лістоў ад людзей — католікаў і не толькі, — якія хочуць больш выразна зразумець пазіцыю Касцёла ў сённяшняй складанай грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

Перадусім заўважым, што афіцыйную пазіцыю Касцёла ў адносінах да тых ці іншых падзей акрэсліваюць яго пастыры — біскупы. Біскупы Касцёла на Беларусі аб’яднаныя ў Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў Беларусі (ККББ), Старшынёй якой з’яўляецца Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У адпаведнасці са статутам ККББ, Старшыня выказвае агульную думку ўсяго епіскапату краіны, хоць кожны біскуп паасобку як пастыр Касцёла мае права самастойна выказвацца па актуальных пытаннях.

31 ліпеня быў апублікаваны Зварот Старшыні ККББ з нагоды выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У ім кіраўнік епіскапату растлумачыў, што, паводле прынцыпаў сацыяльнага вучэння, Касцёл не атаясамліваецца ні з якой палітычнай сілай і, у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, не выконвае палітычных функцый, а служыць усім людзям і таму не можа выказвацца за таго ці іншага кандыдата.

«Аднак разам з тым Касцёл нагадвае, што ўдзел у выбарах з’яўляецца праяўленнем адказнасці і сталасці ў будаванні будучыні нашай краіны», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч. Ён таксама заявіў:

«У лёсавызначальны час нашай гісторыі і ў імя шчаслівай і мірнай будучыні Беларусі перадвыбарчая кампанія і самі выбары павінны адбывацца ў духу ўзаемапавагі да апанентаў са свабодным волевыяўленнем народа для агульнага дабра нашага грамадства».

Згодна з сацыяльным і маральным вучэннем Касцёла, перашкода свабоднаму волевыяўленню і фальсіфікацыя выбараў з’яўляецца цяжкім публічным грахом. Для адпушчэння граху неабходнай умовай з’яўляецца яго вызнанне на споведзі і выпраўленне нанесенай шкоды, а ў гэтым канкрэтным выпадку — публічная заява аб прымусе або фальсіфікацыі, калі такое мела месца.

9 жніўня, падчас выбараў, 74-гадовы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч знаходзіўся на лячэнні ў рэабілітацыйным цэнтры ў Аксакаўшчыне, дзе і прагаласаваў. У гэты ж дзень іерарх служыў Імшу ў бліжэйшым касцёле ў Ракаве, дзе ў прамоўленым казанні зазначыў: «Не дадзім страху перад супраціўным ветрам запанаваць над намі, каб нас не пахлынулі ўзбураныя хвалі мора гэтага свету.

У складаны час, які цяпер перажывае наша Бацькаўшчына, давайце сканцэнтруемся на Езусе, бо Ён адзін можа ўратаваць нас ад усялякага зла, каб мы не патанулі ў небяспечных хвалях».

Калі пасля выбараў многія грамадзяне нашай краіны выйшлі на масавыя акцыі пратэсту, выказваючы сваю незадаволенасць ходам выбарчай кампаніі і саміх выбараў, Старшыня ККББ 11 жніўня выступіў з афіцыйным Зваротам у сувязі са складанай грамадска-палітычнай сітуацыяй у Беларусі. Арцыбіскуп Кандрусевіч у ім заклікаў да спынення насілля і прапанаваў бакам канфлікту сесці за круглы стол, каб у дыялогу весці пошук выйсця з крызісу. Акрамя таго, пастыр заахвоціў усіх людзей добрай волі да трывалай малітвы за мір і згоду ў нашай краіне.

12 жніўня з падобным Зваротам выступіў таксама біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

«Наша краіна перажывае не самы лёгкі час сваёй гісторыі.

Чарговыя выбары выклікалі ў нашым грамадстве крызіс, у які выліліся напружанасць перадвыбарчай кампаніі і, усё ж такі, не цалкам карэктны падлік галасоў», — напісаў у ім іерарх.

Ён дадаў, што выйсце з крызісу толькі адно, і яно — у пошуку праўды, а не на шляху гвалту і нянавісці.

«Пабудаваныя на крыві сістэмы ў гісторыі ніколі не былі трывалымі, а Справядлівасць заўсёды вяртала здзейсненае тым, хто пераступаў усялякія людскія (не кажучы ўжо пра Божыя) нормы», — перасцярог біскуп Буткевіч і дадаў, што калі мы хочам будаваць цывілізаваную краіну, то і сродкі вырашэння канфліктаў у нас павінны быць цывілізаваныя.

13 жніўня быў апублікаваны Зварот каталіцкіх біскупаў у Беларусі ў сувязі са складанай грамадска-палітычнай сітуацыяй у краіне. У ім прадстаўнікі епіскапату згодна канстатавалі, што чарговыя выбары выклікалі ў нашым грамадстве напружанасць.

«У выніку актыўнага супрацьстаяння пралілася кроў і ёсць шмат пацярпелых як фізічна, так і маральна. Многія з іх — гэта мірныя і нявінныя людзі рознага ўзросту.

Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, асуджаем кожны акт насілля, які брат здзяйсняе супраць брата, і таму яшчэ раз заклікаем спыніць непатрэбную агрэсію і распачаць дыялог дзеля дабра чалавека і ўсяго нашага грамадства», — было сказана ў Заяве.

Іерархі заклікалі вернікаў і ўсіх людзей добрай волі да малітвы за Бацькаўшчыну і беларускі народ. Маліцца аб дары міру асабіста запрасіў вернікаў сваёй дыяцэзіі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Да афіцыйнага абвяшчэння вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ніводзін з афіцыйных прадстаўнікоў Касцёла не віншаваў нікога з кандыдатаў з перамогай, нягледзячы на пададзеныя ЦВК папярэднія вынікі, якія ў многіх грамадзян выклікаюць сумненні ў іх карэктнасці, што, відавочна, і з’яўляецца першапрычынай сённяшняга крызісу, які перажывае народ Беларусі.

Абноўлена 24.09.2020 14:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця