Пошук

27.07.2020 13:23   Тэкст і фота: Казімір Варановіч / Catholic.by

25 ліпеня незвычайная ўрачыстасць Першай святой Камуніі адбылася ў парафіі Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках, што на Астравеччыне, дзе сёлета была адноўлена пабудаваная 200 гадоў таму капліца.

15 хлопчыкаў і дзяўчынак упершыню прынялі Хрыста ў Эўхарыстыі падчас урачыстай святой Імшы ў свята святога Якуба каля цудадзейнай крыніцы на ўскрайку вёскі Тракелі.

У гэты дзень вернікі парафіі на чале са сваім шматгадовым пробашчам ксяндзом Алегам Шпенем таксама адзначылі 200-годдзе пабудовы ў гэтым святым месцы драўлянай капліцы, якая была разбурана бязбожнымі савецкімі ўладамі ў 1968 годзе.

Цэлебрацыю ўрачыстай Эўхарыстыі ўзначаліў віцэ-дэкан Астравецкага дэканату ксёндз Анатоль Захарэўскі, пробашч парафіі св. Арханёла Міхала ў Міхалішках, а гамілію прамовіў яго родны брат ксёндз Віктар Захарэўскі, пробашч парафіі святога Юрыя ў Варнянах. У святой Імшы ўзялі ўдзел каля паўтысячы мясцовых вернікаў і гасцей, сярод якіх былі канцлер Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, пробашч парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку ксёндз Юрый Жэгарын, вікарый парафіі святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы ксёндз Раман Вайцяховіч, а таксама ксёндз Юрый Ясевіч, які працягвае навучанне ў Італіі.

Са старадаўніх часоў вада лічылася крыніцай жыцця і сілы. У хрысціянстве яна мае асаблівае значэнне: нездарма Хрыстус сам назваў сябе «крыніцай жывой вады». Менавіта такою жыццядайнаю крыніцаю, здольнаю наталіць духоўную прагу чалавека, з’яўляецца ў Касцёле сакрамэнт Эўхарыстыі, у якім пад выглядам хлеба і віна вернікі прымаюць сапраўдныя Цела і Кроў Збаўцы.

Менавіта таму ў жыцці кожнага хрысціяніна Першая святая Камунія — надзвычай хвалюючы і ўрачысты момант.

Для пятнаццаці хлопчыкаў і дзяўчынак з дайлідскай парафіі ён на ўсё жыццё застанецца незабыўнай падзеяй яшчэ і таму, што сваю Першую Камунію яны прынялі ва ўнікальным святым месцы — каля крыніцы святога Якуба.

У такіх месцах, як гэтае, асаблівым чынам адчуваецца прысутнасць і заступніцтва Усемагутнага Бога, Маці Божай і святых. Дарэчы, крыніца з гаючай вадой у вёсцы Тракелі — адзіная на тэрыторыі Беларусі, асвячаная ў гонар апостала Якуба.

І сто, і дзвесце гадоў таму вернікі кожны год збіраліся ў свята святога Якуба каля крыніцы на супольную малітву. З Божаю дапамогаю тут многія вылечваліся ад хваробаў. Нашыя продкі выкарыстоўвалі ваду з гэтай крынічкі для прыгатавання ежы, абмывалі сябе і дзяцей. Яны заўважылі, што ад вады з крыніцы святога Якуба на целе знікалі высыпкі і прэласці, скура станавілася прыгожай і гладкай.

Вада з гэтай цудадзейнай крыніцы дапамагае пры хваробах скуры, вачэй, аблягчае стан анкалагічна хворых, дае палёгку пры іншых хваробах.

У 1820 годзе пад кіраўніцтвам ксяндза Юстына-Корвіна Саковіча было распачата, а ў 1822 скончана будаўніцтва студні і драўлянай капліцы на крыніцы святога Якуба. У капліцы было чатыры вакенцы, а дах накрыты гонтай. З двух бакоў былі выкапаны равы, абсаджаныя кустамі. У сярэдзіне капліцы быў змешчаны драўляны алтар з абразом святога Якуба. Перад ім з правага боку знаходзілася студня з гаючай вадой.

Штогадовы фэст у Тракелях каля крыніцы святога Якуба адбываўся да 1939 года, але з прыходам у Заходнюю Беларусь савецкай улады яго забаранілі. У 1949 годзе быў зачынены таксама касцёл у Дайлідках. Калі ў вёсцы арганізавалі калгас, каля крыніцы ўстанавілі вялікае начынне, з якога паілі коней, а ў 1968 годзе капліцу ў Тракелях разабралі.

У 1982 годзе каля Тракеляў пачалі будаваць вадасховішча. Крыніцу завалілі бураломам і друзам, верх студні разбурылі.

Але жыхары вёскі Ядвіга і Франц Матыяшкойці з сынамі Юзафам і Уладзімірам знайшлі і адкапалі крыніцу.

У 1989 годзе вернікам вярнулі дайлідскі касцёл. У 2010 годзе на свята Божага Цела працэсія вернікаў на чале з ксяндзом Алегам Шпенем прайшла ад адроджанай святыні да Тракеляў.

Ад тагачаснага старшыні дайлідскага касцёльнага камітэту Міхала Матыяшкойця пробашч даведаўся пра цудадзейную крыніцу святога Якуба. Святар звярнуўся па параду да біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, як можна аднавіць гэтае месца культу. Біскуп параіў пашукаць у віленскіх архівах дакументы, якія б пацвердзілі існаванне крыніцы ў вёсцы Тракелі.

Знайсці іх дапамагла Ядвіга Сабюн, ураджэнка Тракеляў, якая жыве ў Вільні. Пазней жанчына расказала пра цікавы выпадак.

Аднойчы, прыехаўшы цягніком з Вільні на станцыю Ашмяны, яна ішла ў родную вёску. На паваротцы на Тракелі ўбачыла бедна апранутага старога, што сядзеў пры дарозе. «Чаму вы тут сядзіце?» — здзівілася Ядвіга.

«Мне вельмі цяжка, але я ведаю, што ты мне дапаможаш!» — адказаў стары і… узняўся ў неба.

Што гэта азначае, жанчына зразумела толькі тады, калі ў 2012 годзе прывезла на радзіму копіі дакументаў пра крыніцу святога Якуба. З імі ксёндз пробашч Алег Шпень і старшыня касцёльнага камітэта Казімір Варановіч звярнуліся да біскупа Аляксандра Кашкевіча і ў Астравецкі райвыканкам і атрымалі дазвол на правядзенне набажэнстваў у Тракелях.

Тым часам мясцовыя жыхары ўзяліся за аднаўленне крыніцы. Міхал Матыяшкойць сабраў вернікаў. Талакою яны павысякалі хмызнякі, устанавілі новыя цэмбравіны, ахвяраваныя мясцовымі жыхарамі. Драўляны крыж зрабіў і ўстанавіў каля студні Станіслаў Баніцэвіч.

25 ліпеня 2012 года пры крыніцы святога Якуба пасля больш як 70-гадовага перапынку адбылася святая Імша, якую цэлебравалі пробашч Дайлідскай парафіі ксёндз Алег Шпень і пробашч Міхалішкаўскай парафіі ксёндз Анатоль Захарэўскі.

З таго часу тут зноў сталі адбывацца фэсты, на якія з кожным годам збіраецца ўсё больш святароў і вернікаў.

У 2014 годзе крыніцу наведаў біскуп Юзаф Станеўскі з Гродна, у 2017 цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, а ў 2018 — біскуп Юрый Касабуцкі з Мінска.

Сёлета пад кіраўніцтвам Алега Шпеня на крыніцы святога Якуба была ўзведзена новая капліца.

Акрамя смаргонскіх будаўнікоў, вялікі ўнёсак у агульную справу зрабілі мясцовыя майстры пад кіраўніцтвам Вячаслава Бабекі са станцыі Ашмяны. Яму дапамагалі Андрэй Шаблінскі, Андрэй Тытуш, Міхал Янч, Генадзь Янч, Уладзімір Рыбак, Раман Лапата, Іван Аўгуль і іншыя ахвярадаўцы і дабрадзеі. Мастачка Вікторыя Варановіч зрабіла праект аздаблення капліцы металічнымі ўзорамі: гэтую работу па-майстэрску выканаў Віталь Філіпчык.

Грошы на новы металічны крыж ахвяравалі расіяне — будаўнікі атамнай электрастанцыі, размешчанай непадалёк.

Шмат дапамаглі намеснік старшыні КСУП «Гервяты» Станіслаў Івашка і яго жонка Марына, галоўны эканаміст гаспадаркі; Віктар Гродзь, Станіслаў Барташэвіч, многія сем’і са станцыі Ашмяны, Дайлідак, Тракеляў. Значную дапамогу і падтрымку ў гэтай важнай справе аказалі старшыня Гервяцкага сельвыканкама Люцыя Лях, дэпутат парламента Віктар Свіла, намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч 30 чэрвеня выдаў дакумент, які зацвярджае значнасць крыніцы святога Якуба ў вёсцы Тракелі Астравецкага раёна як адзінай у Беларусі, рэлігійна-культурнага і паломніцкага месца, ад якога будуць пачынацца пілігрымкі з Беларусі праз краіны Еўропы да рэліквій святога Якуба ў Сант’яга-дэ-Кампастэла ў Іспаніі.

Абноўлена 28.07.2020 11:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.