У апошнія дні ў сацыяльных сетках распаўсюджваецца інфармацыя пра пілігрымку ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка на монаколе па перыметры Беларусі ў інтэнцыі выбаўлення ад пандэміі каранавірусу.
У сувязі з тым, што такая інфармацыя часта выклікае неадназначную рэакцыю, паведамляю наступнае.
1. Касцёл з першых дзён распаўсюджвання гэтай заразнай і вельмі небяспечнай эпідэміі заклікаў і далей заклікае маліцца ў інтэнцыі выбаўлення ад яе і пераадолення выкліканых ёю наступстваў.
Для гэтага было арганізавана шмат пастырскіх акцый як на агульнабеларускім, так і на дыяцэзіяльным узроўні.
2. Ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк не звяртаўся да ККББ з прапановай арганізаваць яго аднаасабовую пілігрымку па перыметры Беларусі. Таму яму ніхто не даваў благаслаўлення на гэтую акцыю.
3. Пілігрымка, якую арганізаваў кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк, носіць прыватны характар і ажыццяўляецца ў межах належнага кожнаму святару штогадовага адпачынку.
4. Кананічнае Права Каталіцкага Касцёла (кан. 935) забараняе нашэнне пры сабе Найсвяцейшага Сакрамэнту, таму кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк не можа браць яго з сабой у пілігрымку.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі