2 ліпеня католікі Беларусі святкавалі ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай. З году ў год гэтае святкаванне аб’ядноўвае тысячы людзей.
У пілігрымцы ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе вернікі нясуць свае інтэнцыі, удзячнасць і малітвы, а таксама просьбы тых, хто не змог прыбыць сюды сам.
Некаторыя вернікі не змаглі здзейсніць пілігрымку ў Будслаў з розных важных прычын. Таму яны з радасцю маліліся ў касцёле Маці Божай Будслаўскай на Каменнай Горцы ў Мінску. Кожны пажадаў стаць часткай адной агульнай малітвы, паўдзельнічаць у святкаванні і напоўніць сваю душу надзеяй на будучыню.
Пасля святой Імшы вернікі віншавалі адзін аднаго, распавядалі пра тое, як глядзелі прамую трансляцыю з Будслава.
Хоць набажэнства скончылася, людзі працягвалі прыходзіць у святыню, складалі кветкі і заставаліся на асабістую малітву.
Сёлета гэтая ўрачыстасць, як ніколі, несла ў сабе цеплыню апекі Маці Божай і святло Яе сэрца, дарыла людзям адчуванне вялікай сям’і, якая здольная перамагчы цяжкасці.