Пошук

29.06.2020 11:48   Тэкст: кс. Кірыл Бардонаў / Catholic.by
Фота Аляксандры Шчыглінскай

Святары з Мінска прапанавалі моладзі і іншым карыстальнікам сацыяльных сетак падзяліцца ў сваіх акаўнтах асабістымі гісторыямі з пілігрымак у Будслаў.

Паколькі ў гэтым годзе пілігрымкі ў нацыянальны санктуарый у Будславе не змогуць адбыцца з-за эпідэміі каранавірусу, многія адчуваюць тугу па магчымасці вырушыць да Маці Божай. Сёлета ў Будслаў пешкі і на роварах прыбудуць асобныя вернікі, якія не будуць арганізаваныя ў вялікія групы, як гэта адбывалася апошнія трыццаць гадоў без перапынку.

Кожная пілігрымка мае своеасаблівы дух і традыцыі, якія склаліся за многія гады.

Для падтрымання гэтага духу святары прапануюць карыстальнікам сацсетак дзяліцца з іншымі сваімі ўспамінамі з пілігрымак у Будслаў. Гэта можа стаць своеасаблівым сведчаннем пра Бога і ўнутраныя перамены чалавека, якія адбываюцца на шляху пілігрыма.

Фармат сведчанняў-успамінаў неакрэслены — гэта пакідае шырокае поле для асабістай творчасці. Для кагосьці важным будзе ўспамін пра гасціннасць людзей, якія прымалі пілігрымаў на начлег, для іншага — выпрабаванні ў дарозе і г.д.

Святары просяць пад сваімі пастамі пра пілігрымкі ставіць, як мінімум, тры хэштэгі: #успомні_Будслаў, #топаем_вместе, #budslove2020.

Такім чынам інфармацыю будзе прасцей знайсці іншым.

 

Абноўлена 29.06.2020 14:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця