Пошук

26.06.2020 22:00   Тэкст: Людміла Ярмолава – Віцебскі абласны клінічны шпіталь / Catholic.by

26 чэрвеня ў Віцебску прайшла XVI канферэнцыя «Праблемы медычнай этыкі ў сучасным свеце», якая штогод праводзіцца па ініцыятыве Віцебскай дыяцэзіі і Віцебскага аблвыканкама.

Прадстаўнічы навуковы форум адбыўся пры ўдзеле Віцебскага медуніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава і Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Сёлетні форум быў прысвечаны праблеме паліятыўных станаў.

Шматгадовым куратарам медыцынскай канферэнцыі ў Віцебску з’яўляецца айцец Клеменс Верт, езуіт.

Працу канферэнцыі благаславіў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Сярод удзельнікаў медыцынскага форуму былі намеснік мінстра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Алена Богдан, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Мікалай Каспяровіч, а таксама спецыялісты з Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны і Шры-Ланкі.

Упершыню з прычыны складанай эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце канферэнцыя прайшла ў рэжыме анлайн.

Адкрыў медыцынскую канферэнцыю Мікалай Каспяровіч, які распавёў пра развіццё гэтага навуковага форуму за 16 гадоў яго існавання і прадставіў удзельнікаў анлайн. З прывітальным словам да сабраных у студыях звярнулася Алена Богдан, якая падзякавала медыкам Віцебшчыны за прафесіяналізм, міласэрнасць і цярплівасць, праяўленыя падчас пандэміі.

Намеснік міністра высока ацаніла супрацоўніцтва медыцыны і духавенства Віцебскай дыяцэзіі, у прыватнасці пераклад «Новай хартыі супрацоўнікаў сферы аховы здароўя», духоўную апеку над хворымі ў хоспісах і шпіталях.

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч зачытаў пасланне ўдзельнікам канферэнцыі кардынала Пітэра Тарксана, прэфекта дыкастэрыі Святога Пасаду па інтэгральным развіцці чалавека.

«Я высока цаню магчымасць перадаць вам прывітанне і благаславіць працу XVI міжнароднай канферэнцыі. На працягу многіх гадоў прадстаўнікі Ватыкана бралі ўдзел у гэтай падзеі, аднак цяперашняя сітуацыя і праблемы, звязаныя з перамяшчэннем, зрабілі наш удзел у сёлетняй канферэнцыі немагчымым.

Я хацеў бы выказаць сваю ўдзячнасць усім работнікам сферы аховы здароўя Беларусі і Віцебскай вобласці, задзейнічаным на перадавой лініі барацьбы з COVID-19.

Я ведаю, што словы Папы Францішка, скіраваныя да італьянскіх медыцынскіх работнікаў, безумоўна, датычацца і вас. Як у Італіі, так і ў Беларусі хворыя ў цяжкія часы знаходзяць у вас падтрымку, як у членах сваёй сям’і, паколькі вы аб’ядноўваеце прафесійную кампетэнтнасць з той увагай, якая ўключае ў сябе канкрэтныя выразы любові. „Пацыенты, — кажа Папа, — адчуваюць, як быццам побач з імі знаходзяцца “анёлы”, якія дапамагаюць ім паправіцца, у той жа час даючы ім суцяшэнне і падтрымку, а часам суправаджаючы іх да парогу сустрэчы з Панам Богам“.

Сапраўды, работнікі сферы аховы здароўя могуць адрадзіць надзею ў цяжкія моманты жыцця, калі яны аказваюць дапамогу, сваёй уважлівай і клапатлівай прысутнасцю выклікаюць давер і надзею, падтрымліваючы хворых і членаў іх сем’яў. Часта прысутнасць, напоўненая верай і надзеяй, з’яўляецца тым унёскам, які робяць работнікі сферы аховы здароўя і душпастыры ў працу з пацыентамі, асабліва невылечна хворымі, і іх сем’ямі, каб прымірэнне змагло прыйсці на змену адмаўленню і надзея перамагла цярпенне», — падкрэсліў кардынал Тарксан у сваім звароце.

 

На канферэнцыі канцлер Віцебскай дыяцэзіяльнай курыі кс. канонік Віктар Місевіч прадставіў «Новую хартыю работнікаў сферы аховы здароўя» Папскай рады па пастырскай апецы над работнікамі сферы аховы здароўя, пераклад якой на беларускую і рускую мовы і выданне накладу былі здзейснены пад патранатам айца Клеменса Верта SI.

Гэты дакумент разлядае актуальныя пытанні медыцынска-прававога характару, якія аказваюць уплыў на прафесійную дзейнасць работнікаў сферы аховы здароўя.

Частка накладу была перададзена Віцебскай дыяцэзіяй у Беларускую медыцынскую акадэмію паслядыпломнай адукацыі для азнаямлення шырокай медыцынскай грамадскасці з гэтым важным дакументам.

Пасля зробленых спецыялістамі дакладаў біскуп Алег Буткевіч падвёў вынікі XVI міжнароднай медыцынскай канферэнцыі, па матэрыялах якой выданы зборнік тэзісаў дакладаў.

Абноўлена 26.06.2020 22:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа