Пошук

26.06.2020 13:50   Паводле: кс. Віктар Місевіч / Catholicnews.by
Фота: Catholicnews.by

25 чэрвеня сястра Дар’я Галубкова OV абараніла доктарскую дысертацыю па маральнай тэалогіі на тэму «Маральныя дылемы чалавека перад абліччам вайны ў творчасці Васіля Быкава (1924–2003)».

Як паведамляе партал Catholicnews.by, з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі абарона дысертацыі адбывалася анлайн з Віцебскай катэдры.

Сястра Дар’я, якая з’яўляецца кансэкраванай дзевай, прадставіла і абараніла сваю працу перад прафесарскай камісіяй Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта Яна Паўла ІІ.

Доктар Дар’я Галубкова OV адказала на некалькі пытанняў для «Каталіцкага Весніка».

— Сястра Дар’я, чаму Вы выбралі менавіта такую тэму для сваёй дысертацыі?

— Мне асабіста вельмі падабаецца творчасць нашага вялікага празаіка. У сваіх творах ён падымае складаныя тэмы, кшталту вернасці чалавека свайму сумленню і няпростага маральнага выбару ў жахлівы перыяд вайны. Акрамя таго, Васіль Быкаў — мой зямляк, таму мне хацелася даследаваць яго творчасць з пункту гледжання каталіцкай тэалогіі.

— Але ж ён не быў актыўным хрысціянінам, ды і гэта наўрад ці было магчыма ў часы савецкага атэістычнага рэжыму?

— Гэта сапраўды так. Творы Быкава бязлітасна цэнзураваліся савецкімі цэнзарамі менавіта за тое, што Быкаў не пісаў для ідэалогіі, а задумваўся над прызначэннем чалавека і над яго сумленнем. Ужо тое, што яго твор «Мёртвым не баліць» ляжаў «у шуфлядзе» ажно 17 гадоў, шмат пра што сведчыць.

Тым не менш, у яго творах знаходзім адсылку да Божых запаведзяў і Божага закону.

— Што было самым складаным у напісанні працы?

— Мне давялося перачытаць абсалютна ўсе яго творы. Прынамсі тое, што ёсць у доступе. Але не гэта было самым складаным. Знайсці час на навуку — вось гэта было выпрабаваннем. Але гэта таго варта. Таму хацелася б падтрымаць маладых навукоўцаў, якія толькі пачынаюць свой шлях да абароны дысертацыі. Нельга баяцца і апускаць рук. Варта ўкладаць у самога сябе праз адукацыю. А для нас, веруючых людзей, яшчэ і немалаважна, што Божая ласка, Дух Святы дапамагае.

— Дык што ўсё ж такі раіць Быкаў чалавеку, калі ён апынаецца ў няпростым жыццёвым становішчы?

— Ведаеце, Уладзімір Караткевіч называў Васіля Быкава «рыцарам сумлення і свабоды». Акрамя таго, яго яшчэ называюць «сумленнем нацыі». І гэта не проста так. Быкаў шмат піша пра сумленне чалавека, пра тое, што трэба заўсёды заставацца чалавекам. Ён часта ўжывае слова «чалавечнасць». Я бачу ў гэтым адсылку да натуральнага права, якое ўпісана ў сэрцы кожнага: не рабі іншаму нічога такога, што табе самому няміла.

Менавіта за такую паставу Быкаў спазнаў сапраўдны пераслед з боку савецкай ідэалагічнай сістэмы.

— Які ваш любімы твор Быкава?

— Гэта аповесць «Мёртвым не баліць». Рэч у тым, што гэта аўтабіяграфічны твор пісьменніка. У вобразе галоўнага героя прасочваецца яго жыццёвы шлях. Акрамя таго, Быкаў як пісьменнік вельмі смелы. У творы ён паказвае, што не ўсё так адназначна. І ворагі могуць быць сярод сваіх. Галоўны адмоўны герой у аповесці — гэта супрацоўнік спецслужб.

— Якія ў Вас далейшыя планы? Будзеце дзе-небудзь выкладаць?

— Па шчырасці кажучы, мне б гэтага вельмі хацелася. Хочацца падзяліцца набытымі ведамі з іншымі. Асабліва я вельмі ўдзячная маім выкладчыкам з універсітэта ў Любліне. Яны вельмі дапамаглі мне ў падрыхтоўцы да абароны, уклалі ў мяне свае намаганні і веды. Таму цяпер я абавязана не хаваць гэта ў шафу, а дзяліцца гэтым.

***

Сястра Дар’я Галубкова OV нарадзілася 8 студзеня 1988 г. у Віцебску. Скончыла гуманітарную гімназію № 2 і школу мастацтваў № 2 г. Віцебска.

У 2005–2010 гг. навучалася ў Люблінскім Каталіцкім Універсітэце Яна Паўла ІІ, па завяршэнні атрымала тытул магістра тэалогіі. У гэтым жа ўніверсітэце навучалася ў аспітантуры.

У цяперашні час з’яўляецца супрацоўніцай Caritas Віцебскай дыяцэзіі, а таксама працуе катэхеткай і арганісткай у парафіі святога Уладзіслава ў Віцебску.

У Віцебскай дыяцэзіі доктарамі тэалогіі з’яўляюцца кс. Сяргей Сурыновіч (працуе ў Друі), кс. Мікалай Ціхановіч (працуе ў Глыбокім), кс. Валерый Марціноўскі (працуе ў Паставах). З Відзаў паходзіць доктар філасофскіх навук с. Тэрэза Абалевіч, якая працуе ў Польшчы.

Абноўлена 26.06.2020 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця