Пошук

25.06.2020 09:48   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: holiday.by

З Пінскай дыяцэзіі ў Будслаў стартуюць дзве прыватныя пілігрымкі — пешая і на матацыклах, — у якіх бяруць удзел святары і законнік.

Як зазначае беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, сёлетнія парафіяльныя ўрачыстасці ў Будславе не застануцца без пілігрымаў.

Хоць традыцыйныя масавыя пілігрымкі ў Нацыянальны санктуарый адмененыя з прычыны складанай эпідэміялагічнай сітуацыі, але прыватныя пілігрымкі ніхто не забараняў.

Таму 23 чэрвеня з Баранавічаў у дарогу да Маці Божай Будслаўскай выйшлі пешкі тры святары і адзін брат законны.

27 чэрвеня з Лагішына каля Пінска, дзе знаходзіцца дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Лагішынскай, стартуе мота-пілігрымка ў складзе трох святароў. Ксяндзы-матацыклісты вырашылі наведаць усе марыйныя санктуарыі Беларусі і завяршыць сваю пілігрымку ў нацыянальным.

Духавенства на матацыклах разлічвае за пяць-шэсць дзён пераадолець каля дзвюх тысяч кіламетраў, распавёў Беларускай службе Vatican News пружанскі пробашч кс. Павел Ярашэвіч.

«Каб гэта была сапраўдная пілігрымка, а не адзін дзень дарогі, мы вырашылі праехаць вакол амаль усёй краіны. Пачынаецца дарога з Лагішына, затым — Брэст, Тракелі, Гудагай, Браслаў, Бялынічы, Баранавічы, Будслаў. Як і ў кожнай пілігрымцы, збіраем інтэнцыі ў тых парафіях, у якія будзем заязджаць, штодня будзе св. Імша ў інтэнцыях духоўных пілігрымаў — тых, хто не зможа сёлета прыбыць у Будслаў», — сказаў кс. Павел.

Разам з ім у дарогу адправяцца ранейшыя ўдзельнікі пешых пілігрымак і вопытныя матацыклісты: столінскі пробашч кс. Юрый Медушэўскі і вікарый з Бярозы кс. Юзаф Парфяновіч.

У Даўгінаве, традыцыйным месцы сустрэчы пілігрымак па дарозе да Будслава, матацыклісты плануюць сустрэцца з прыватнай пешай пілігрымкай. Потым, 1 ліпеня, яны плануюць прыбыць у санктуарый і нанаступны дзень дзельнічаць у адпустовых урачыстасцях.

Прыватная пілігрымка ідзе па звычайным дзевяцідзённым маршруце, дадаў адзін з удзельнікаў кс. Павел Рудзьман, душпастыр моладзі Пінскай дыяцэзіі.

«Мы вырашылі пайсці ў пілігрымку ў інтэнцыі тых людзей, якія не могуць адправіцца ў арогу, а таксама каб трошкі змяніць фармат. Мы прызвычаіліся, што пілігрымка — гэта група людзей, якія ідуць з калонкамі, мы называем гэта „маніфестацыяй нашай веры“. Але ёсць Сант’яга-дэ-Кампастэла ў Іспаніі. Чаму ім не можа быць Будслаў у нас, у Беларусі?» — задае рытарычнае пытанне святар.

Святары-пілігрымы прымаюць інтэнцыі на акаўнце баранавіцкай пілігрымкі ў сацсетках Вк і Instagram.

Абноўлена 25.06.2020 12:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа