Пошук

24.06.2020 10:55   Паводле: Grodnensis.by

22 чэрвеня пры касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Канвелішках (Радунскі дэканат) адбылося пахаванне кс. каноніка Тадэвуша Качана — святара, які ў 2004–2018 гадах быў пробашчам гэтай парафіі.

Як паведаміў партал Grodnensis.by, цэлебрацыю пахавальнай св. Імшы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Прысутнічалі таксама дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і шматлікія святары.

Нягледзячы на эпідэмію, у гэты дзень у святыні было таксама шмат вернікаў, якія, захоўваючы ўсе меры бяспекі, прыйшлі падзякаваць свайму былому душпастыру за служэнне і ўзнесці Пану малітвы за яго.

У слове на пачатку літургіі біскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што малітва — найлепшы выраз удзячнасці, якую вернікі могуць выказаць свайму былому пробашчу.

Таксама ён дадаў, што малітва патрэбная душам нашых блізкіх памерлых.

Гамілію прамовіў дырэктар Нацыянальнага Caritas кс. Віталій Дабраловіч. Ён пазнаёміўся з кс. Тадэвушам Качаном у сваёй роднай парафіі ў Трабах, дзе той пэўны час быў пробашчам. Святар адзначыў, што ў памяці вернікаў спачылы застанецца як чалавек малітвы, які заўсёды трымаў у руках ружанец.

Пасля Імшы цела памерлага святара было пахавана на мясцовых могілках, дзе адбылася працэсія з удзелам святароў і вернікаў.

Тадэвуш Качан нарадзіўся 5 жніўня 1937 г. у вёсцы Вялікае Барава ў Івейскім раёне Гродзенскай вобласці ў каталіцкай сям’і. Быў ахрышчаны 15 жніўня 1937 г. у парафіяльным касцёле ў Дудах.

Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў з рук біскупа Валентыя Войціка ў сандамірскай катэдры 6 чэрвеня 1981 г. Пасля пасвячэння служыў у шпіталі ў Радаме (Польшча). Потым быў вікарыем у некалькіх парафіях у Польшчы.

У маі 1990 г. прыехаў у Беларусь, у родныя мясціны.

Спачатку дапамагаў у працы пробашчу ў Іўі. Потым быў пробашчам у Нецечы, Беліцы і Мінойтах (Лідскі дэканат) i Трабах (Іўеўскі дэканат). У 2004–2018 гадах быў пробашчам парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Канвелішках. У апошні час жыў у Доме міласэрнасці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат), дзе 19 чэрвеня адышоў у вечнасць.

Абноўлена 24.06.2020 10:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця