21 чэрвеня Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі ў сваёй роднай парафіі ў Заневічах (Бераставіцкі дэканат) ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы падзякі з нагоды 25-годдзя святарства.
Як паведамляе партал Grodnensis.by, урачыстую Імшу падзякі за ўсе атрыманыя ласкі і людзей, якіх яму дадзена было сустрэць на працягу гэтых гадоў, іерарх узначаліў у касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і св. Язафата ў Заневічах.
У гэтым касцёле 25 гадоў таму сённяшні дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі цэлебраваў сваю прыміцыйную святую Імшу.
Разам з сынам-біскупам малілася яго матуля Гэлена, а таксама родныя і тутэйшыя парафіяне.
У адрас юбіляра было выказана ў гэты дзень шмат цёплых словаў ад яго землякоў, якія лічаць сваёй прывілеяй і ласкай тое, што з іх невялікай парафіі паходзіць іерарх Касцёла.