11 чэрвеня ў парафіі Перамянення Пана ў аг. Негарэлае адзначылі ўрачыстасць Цела і Крыві Хрыста.
Сёлета святкаванне з вядомых прычын выглядала інакш, чым звычайна. Не было працэсіі па вуліцах, але яна адбылася ў касцёле. Гэта не азмрочыла цудоўнага свята, і па-асабліваму адчувалася прысутнасць Езуса ў гэты трывожны час.
Падчас святой Імшы звонку разышлася непагадзь: моцны вецер, маланкі, залева, а ў касцёле, як зазначыў пробашч парафіі ксёндз Дзяніс Шастаковіч MSF, пад Божай апекай спакойна і бяспечна.
Гэта было відаць і па людзях, якія паволі вяртаюцца ў касцёл, засумаваўшы ў ізаляцыі па парафіяльнай супольнасці.
Калі набажэнства скончылася, на двары ўжо было ціха і спакойна: толькі ішоў маленькі дожджык, патрэбны для добрага ўраджаю.