Пошук

12.06.2020 10:26   Паводле: Зміцер Лупач / Сatholicnews.by / Фота: Леанід Юрык / Catholicnews.by

Памятнае набажэнства на могілках Копцеўка ў Глыбокім, на якое прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя на чале з паслом Польшчы ў Беларусі Артурам Міхальскім, правёў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Як 10 чэрвеня паведаміў сайт Catholicnews.by, у супольнай малітве бралі ўдзел пробашч Глыбоцкай парафіі кс. Мікалай Ціхановіч, кс. Юрый Бараўнёў з Крулеўшчыны. прадстаўнікі грамадскасці, мясцовай улады, вучні і настаўнікі польскай школы з Браслава, журналісты.

Напачатку адбылося набажэнства за вайскоўцаў, якія загінулі сто гадоў таму ў вайне, якая ў нашых суседзяў называецца «польска-бальшавіцкай».

Правёў малітву біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Потым польская дэлегацыя ўсклала вянок да помніка змагарам, на іх магілах былі запаленыя знічы.

Пасол Артур Міхальскі і намесніца старшыні Глыбоцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Таццяна Тарасевіч выступілі з кароткімі прамовамі.

Прадстаўнік суседняй краіны адзначыў, што перамога ў Варшаўскай бітве, стагоддзе якой сёлета адзначаецца, мела вялікае значэнне не толькі для Польшчы, але і для ўсёй Еўропы, у тым ліку і для лёсу гэтай зямлі.

«У гэтым юбілейным годзе мы вырашылі наведваць такія могілкі ў Беларусі, дзе пахаваныя жаўнеры, ахвяры савецка-польскай вайны, — дадаў Артур Міхальскі. — Сёння мы толькі пачынаем гэтую справу. Зранку наведалі пахаванне ў Докшыцах, а цяпер прыехалі ў Глыбокае».

Пасол Польшчы паведаміў, што ў гэтым годзе прадстаўнікі дыпламатычнай місіі плануюць наведаць усе вялікія пахаванні сваіх суайчыннікаў у Беларусі, якіх каля дваццаці, а таксама і іншыя, драбнейшыя, якіх вельмі шмат.

Намесніца старшыні райвыканкама Таццяна Тарасевіч адзначыла, што глыбоцкія ўлады ў меру сваіх магчымасцяў падтрымліваюць парадак на ўсіх польскіх пахаваннях.

Прадстаўніца мясцовай улады выказала спадзяванне, што беларуска-польскія адносіны будуць толькі паляпшацца.

Глыбоцкі пробашч кс. Мікалай Ціхановіч падзякаваў польскім гасцям за візіт і адзначыў, што заўсёды ставіць у прыклад сваім парафіянам той факт, як польская дзяржава клапоціцца аб вайсковых пахаваннях, у тым ліку і за мяжой.

У бліжэйшы час прадстаўнікі Польшчы плануюць наведаць пахаванні польскіх жаўнераў у Крулеўшчыне, Дунілавічах і Даўгінаве.

Абноўлена 12.06.2020 10:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа