У першую нядзелю чэрвеня ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца дыяцэзіяльны Дзень бацькі. Сёлета ён прыпаў на ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, 7 чэрвеня.
Як паведамляе Grodnensis.by, з гэтай нагоды біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне.
Падчас Эўхарыстыі іерарх асаблівым чынам маліўся ў інтэнцыі ўсіх татаў дыяцэзіі — жывых, каб яны былі асновай свайго дому і прыкладам для сям’і, а таксама памерлых з просьбай аб дары неба для іх.
Акрамя гэтага, біскуп заахвоціў маліцца аб хутчэйшым спыненні эпідэміі, якая не дазваляе людзям нармальна функцыянаваць і цешыцца жыццём.
Кажучы пра ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, якая адзначалася ў гэты дзень, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што Тройца — вялікая таямніца нашай веры, якой, жывучы на зямлі, чалавек ніколі не будзе ў стане пазнаць.
Іерарх заклікаў стаць на калені перад гэтай таямніцай і вызнаць веру ў Бога ў Тройцы Адзінага. Таксама ён пажадаў, каб гэтая ўзнёслая ўрачыстасць стала нагодай яшчэ больш умацаваць сувязь з Тройцай.
Біскуп заахвоціў вернікаў падзякаваць Богу ў Тройцы Святой Адзінаму за ўсе ласкі і дары, якія ад Яго атрымалі.