Пошук

08.06.2020 10:33   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

7 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, якая з’яўляецца адпустовай у мінскай парафіі на Залатой Горцы, Catholic.by вёў з самай старажытнай каталіцкай супольнасці Мінска спецыяльную трансляцыю святых Імшаў.

Як падарунак роднай парафіі дырэктар парталу Catholic.by ксёндз Аляксандр Улас, які нядаўна адзначыў дваццацігоддзе святарства, прадставіў фотавыставу ўнікальных здымкаў абраза Маці Божай Будслаўскай. Яны былі зроблены ў сакавіку мінулага года падчас замены шкла на цудадзейнай іконе, што дало магчымасць сфатаграфаваць яе ў найлепшай якасці. Здымкі дазваляюць убачыць усе дэталі вялікай святыні нашага народа і выдатнага твора сакральнага мастацтва эпохі Адраджэння.

Так добра разгледзець абраз Маці Божай Будслаўскай немагчыма нават знаходзячыся непасрэдна перад алтаром у Нацыянальным санктуарыі.

Паколькі сёлета адменены арганізаваныя пілігрымкі ў Будслаў і вялікі Будслаўскі фэст, гэтая выстава — цудоўная магчымасць убачыць цудадзейную ікону, паглядзець у вочы Маці Божай, зблізку звярнуцца да Яе з сардэчнай просьбай.

Фотавыставу на працягу тыдня можна будзе ўбачыць у мінскім Залатагорскім касцёле.

Хоць на адпусце не было традыцыйнага кірмашу рэлігійных рэчаў, аднак у кіёску, дзе валанцёры Catholic.by збіралі ахвяраванні на дзейнасць інтэрнэт-парталу Касцёла ў Беларусі, можна было набыць якасна надрукаваную выяву абраза Маці Божай Будслаўскай.

На ранішнюю нядзельную Імшу, цэлебрацыю якой узначаліў першы ў сучаснай гісторыі адроджанай парафіі яе пробашч ксёндз Міхал Сапель, вернікі сабраліся ва ўтульнай залатагорскай святыні.

Дзякуючы ахвярнасці парафіянаў і іх сённяшняга пробашча ксяндза каноніка Юрыя Санько касцёл і вялікая прылеглая тэрыторыя ў самым цэнтры беларускай сталіцы становяцца штораз прыгажэйшымі.

Нядаўна ў касцёле з’явіліся новыя лаўкі, якія змянілі старыя — цяжкія і нязручныя, што засталіся «ў спадчыну» ад Белдзяржфілармоніі з тых часоў, калі ў забранай святыні дзейнічала зала камернай музыкі.

Наступныя цэлебрацыі адбываліся на адкрытым паветры, дзе прасцей захоўваць неабходную сацыяльную дыстанцыю. Цёплы летні дожджык крыху акрапіў удзельнікаў урачыстасці, але ўсе аднесліся да гэтага не як да нязручнасці, а як да натуральнага знаку Божага благаслаўлення.

Вернікі маліліся на прыкасцёльным цвінтары старадаўніх Залатагорскіх могілак, якія калісьці былі самым вялікім каталіцкім некропалем Мінска, знішчаным у 70-я гады мінулага стагоддзя бязбожнымі савецкімі ўладамі.

На касцях некалькіх пакаленняў мінчукоў камуністычныя ідэолагі, якія найбольш баяліся праўды, паставілі пачварныя вышкі-глушылкі, каб абмежаваць людзей ад інфармацыі, што, на іх думку, магла пашкодзіць савецкай імперыі зла і падману.

Але дабро заўсёды перамагае зло не толькі ў казках, і гэта пацвярджае той факт, што тут зноў гучыць слова адвечнай праўды Евангелля, узносяцца малітвы і складаецца збаўчая Эўхарыстычная ахвяра Хрыста за жывых і памерлых.

Цэлебрацыю святой Імшы апоўдні ўзначаліў дырэктар парталу Catholic.by ксёндз Аляксандр Улас.

У гэтай Эўхарыстыі каля сцен роднага касцёла разам з вернікамі, сярод якіх расквітнела яго пакліканне, ксёндз Аляксандр дзякаваў Богу за два дзесяцігоддзі святарства.

У прамоўленым Божым слове святар адзначыў, што, хоць таямніца Найсвяцейшай Тройцы не можа быць спасцігнута чалавечым розумам, аднак вера ў яе дазваляе пераадолець усе цяжкасці на жыццёвым шляху і вядзе да збаўлення.

Больш за дзве тысячы вернікаў, якія, карыстаючыся дыспенсай, з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі засталіся дома, паглядзелі трансляцыю святых Імшаў анлайн. Такім чынам яны духоўна ўдзельнічалі ў адпустовых святых Імшах у парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.

Паколькі эпідэміялагічная сітуацыя ў нашай краіне працягвае заставацца няпростай, партал Catholic.by прапануе правядзенне анлайн-трансляцый таксама з іншых парафій Беларусі, каб да супольнай малітвы магло далучыцца як мага больш вернікаў, якія не могуць асабіста прысутнічаць на Імшы.

Каманда Catholic.by гатовая арганізаваць фотавыставу, прысвечаную цудадзейнай іконе Маці Божай Будслаўскай, і правесці анлайн-трансляцыю Імшаў паўсюль, дзе вернікі і іх духоўныя пастыры гэтага пажадаюць.

Абноўлена 08.06.2020 11:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа