3 чэрвеня прадстаўнікі Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі развезлі і перадалі медыкам і супрацоўнікам сацыяльных устаноў, а таксама патрабуючым сродкі індывідуальнай абароны і дэзінфекцыйныя сродкі.
Гэтыя сродкі атрымалі Клецкі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Клецкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Клецкая цэнтральная раённая бальніца, парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Клецку (для шматдзетных сем’яў, пенсіянераў, людзей з інваліднасцю), парафія св. Юзафа ў Гарадзеі (для шматдзетных сем’яў, пенсіянераў, людзей з інваліднасцю), Гарадзейская дапаможная школа-інтэрнат.
Былі перададзены медыцынскія маскі: аднаразовыя і шматразовыя, якія пашылі валанцёры Caritas.
Акрамя таго, медыкі і супрацоўнікі сацыяльных устаноў атрымалі пальчаткі, дэзінфекцыйныя сродкі для рук і для паверхняў, наборы бытавой хіміі і сродкаў індывідуальнай абароны, аднаразовыя ахоўныя касцюмы, дэзінфекцыйныя дыванкі і спецыяльны сродак для іх дэзінфекцыі, ахоўныя шчыткі, аднаразовыя камбінезоны, высокія бахілы і рэспіратары трэцяга класа.
Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas паклапацілася і пра «хлеб штодзённы» для патрабуючых, перадаўшы ім прадуктовыя наборы.
Неабходныя сродкі былі набытыя дзякуючы падтрымцы і дапамозе Caritas Лінц (Аўстрыя) і беларускіх спонсараў.