27 мая Курыя Пінскай дыяцэзіі падала інфармацыю пра тое, што біскуп Антоні Дзям’янка быў выпісаны са шпіталя.
Пастыр Касцёла на Брэстчыне і Гомельшчыне трапіў у шпіталь напрыканцы красавіка з-за праблем з сэрцам.
Як паведаміў парталу Catholic.by канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Рылка, стан здароўя біскупа Пінскага значна палепшыўся настолькі, што гэта дазволіла яму вярнуцца дадому.
«Цяпер біскуп Антоні набіраецца сіл, каб у бліжэйшы час вярнуцца да звычайнага рытму жыцця і пастырскага служэння. Яго Эксцэленцыя дзякуе ўсім вернікам і людзям добрай волі за малітву і падтрымку падчас лячэння», — дадаў святар.
Нагадаем, што ўжо ў панядзелак біскуп Антоні Дзям’янка ўзяў удзел у Надзвычайным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якое прайшло ў рэжыме анлайн.