Каля касцёла святога Францішка ў Салігорску на вуліцы Чыгуначнай будзе ўсталяваны сонечны гадзіннік. Ідэя яго стварэння належыць пробашчу парафіі айцу Сабеславу Тамалу OFM.
Пра гэта паведамляе салігорская газета «Шахцёр». Як распавяла старшыня парафіяльнай рады Валянціна Дзімчогла, пробашч вызначыў месца і зрабіў неабходныя разлікі для таго, каб сонечны гадзіннік паказваў дакладны час.
Цяпер гэтую ідэю ўвасабляюць у жыццё парафіяне Канстанцін Чадовіч, Аляксей Чадовіч, Аляксандр Клеменя, Іван Макрыцкі, Яўген Жаўнерык, Аляксандр Барычэўскі, Валерый Дзімчогла і многія іншыя энтузіясты разам з пробашчам. Гэта будзе першы сонечны гадзіннік на Міншчыне і другі — у Беларусі. Убачыць яго змогуць усе жадаючыя мясцовыя жыхары і госці горада.
Пакуль адзіны ў Беларусі сонечны гадзіннік знаходзіцца ў Шчучынскім раёне Гродзеншчыны — у вёсцы Ішчолна, першыя ўспаміны пра якую адносяцца да XV ст.
У XVІІІ стагоддзі ў вёсцы быў асвячаны каменны касцёл Найсвяцейшай Тройцы, пабудаваны замест ранейшага драўлянага. Да адкрыцця касцёла туды прывезлі сонечны гадзіннік, зроблены майстрам Малецкім у Вільні.