Пошук

30.06.2020 14:47   Паводле: esoligorsk.by / Catholic.by

У Салігорску цяпер можна спраўджваць час па сонечным гадзінніку. Ён усталяваны на тэрыторыі касцёла святога Францішка непадалёк ад брамы, каб любы жадаючы мог падысці і паглядзець на дзіўную прыладу. 29 чэрвеня адбылося благаслаўленне гадзінніка.

Як паведамляе аддзел навінаў «Электроннага Салігорска», ствараў гадзіннік і праводзіў усе разлікі пробашч парафіі а. Сабеслаў Тамала OFM разам з вернікамі.

Для стварэння гадзінніка былі выкарыстаны даволі простыя матэрыялы: сабраныя на палях камяні, якія потым адшліфоўвалі, эпаксідная смала, нержавеючая сталь. У цэнтры гадзінніка змешчаны гноман, ад якога падае цень. Гэты цень і паказвае час. А з дапамогай «зуба» (выразкі на гномане) можна вызначыць раўнадзенства, самы доўгі і самы кароткі дзень у годзе.

Нанесены лацінскі надпіс гучыць: «Гэты цень праходзіць, як наша жыццё на зямлі». Яшчэ адзін надпіс азначае: «Супакой і дабро» (дэвіз ордэну братоў меншых францішканаў). Таксама на палатне выяўлены каардынаты Салігорска, герб горада і герб ордэна францішканаў.

Каб вызначыць час, трэба, бачачы цень, спраўдзіцца з таблічкай: гарызантальная шкала азначае месяцы, вертыкальная – хвіліны, якія трэба дадаць або адняць.

Напрыклад, у ліпені трэба дадаць каля 8 хвілін.

Асаблівасць гэтага гадзінніка ў тым, што правільны час ён будзе паказваць не ва ўсіх гарадах. Выраблены ён з улікам каардынат Салігорска. Калі яго перавезці, напрыклад, у суседні Слуцк, паказваць час ён будзе няправільна.

Як адзначыў пробашч парафіі, у планах стварыць насценны і экватарыяльны гадзіннікі.

Абноўлена 01.07.2020 07:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.