23 мая ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзяліў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату дыякану Яўгену Шымановічу і дыякану Іллі Саўчанку з законніцкай супольнасці ксяндзоў марыянаў.
Як зазначае партал Catholicnews.by, для Глыбокага гэта была асаблівая радасць. Дыякан Ілля нарадзіўся і вырас у тутэйшай парафіі, а дыякан Яўген праходзіў тут практыку, падчас якой у яго склалася моцная духоўная сувязь з глыбоцкімі вернікамі.
Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, марыянін, яго сабраты па кангрэгацыі, якія нясуць служэнне ў Беларусі, святары з Віцебскай дыяцэзіі, вернікі з Глыбокага і госці з іншых парафій.
На пачатку ўрачыстасці біскуп Алег заклікаў прысутных да супольнай малітвы, каб разам прасіць дар Духа Святога і ласку сакрамэнту пасвячэння для Іллі і Яўгена.
Кандыдатаў да святарства прадставіў біскупу пробашч Глыбоцкай парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч, які звярнуўся да іерарха з просьбай аб пасвячэнні новых прэзбітэраў.
У прамоўленым Божым слове біскуп Алег Буткевіч засяродзіўся на Божым плане, які рэалізуецца ў жыцці абраннікаў да святарскага служэння.
«Бог, перш, чым даў жыццё, ужо ведаў, кім яны будуць. Сёння гэты план Ён рэалізуе. Часта кажуць, што ў жыцці чалавека адбываецца падзея, якая дзеліць жыццё на дзве паловы: „да і пасля“. Сёння для дыяканаў акурат такі дзень. Вялікая і немагчымая для чалавека місія для выканання.
Што трэба для таго, каб гэтую місію выканаць? Апостал Павел сёння падказвае — паступаць згодна з пакліканнем», — сцвердзіў іерарх.
Пастыр Віцебскай дыяцэзіі звярнуў увагу на важныя рэчы ў служэнні святара: слабасць і пакору.
«У слабасці ўдасканальваецца моц чалавека. Заданне чалавека — дазволіць Богу дзейнічаць праз сябе. Гэта прыгожа гучыць, але нялёгка здзейсніць. Чаму? Бо ёсць у чалавека наступства першароднага граху — пыха.
Але Езус нам дае прыклад: Бог, які прыйшоў у гэты свет, стаўся падобным да нас ва ўсім, абмежаваў сваю Боскасць. Ён прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць. Сам Езус паказвае прыклад пакоры. Бог дзейнічае праз пакору.
Такі парадокс: людская слабасць і абмежаванні вельмі моцна выхоўваюць у пакоры.
Бог будзе пра гэта клапаціцца і будзе вучыць пакоры. Праз біскупа і настаяцеляў будзе „ламаць“ часам вашыя планы і патрабаваць паслухмянасці. Гэта не будзе проста, а часам будзе балюча, але гэта адзіная дарога, каб Божая моц і ласка дзейнічала праз вас», — сцвердзіў іерарх.
Біскуп нагадаў словы апостала Паўла, які кажа, што пайсці за Богам — гэта ў пэўным сэнсе шаленства.
«Сёння мы маем двух „шалёных“ людзей, якія адважыліся пайсці гэтай дарогай. Але гэта Божае „шаленства“, якога патрабуе свет», — сказаў на заканчэнне гаміліі іерарх і пажадаў дыяканам служыць у пакоры, з радасцю і па-Божаму.