Пошук

18.05.2020 14:08   Тэкст: Аляксандр Пятліцкі SCI / Фота: scj.pl, seminarium.scj.pl / Catholic.by

16 мая, ва ўспамін святога Андрэя Баболі, святара і мучаніка, місіянера беларускай зямлі, сакрамэнт пасвячэння ў ступені дыяканату і прэзбітэрату прынялі двое беларусаў, студэнты пятага і шостага курсаў Вышэйшай місійнай семінарыі айцоў сэрцанаў у Стадніках каля Кракава (Польшча).

Сакрамэнт пасвячэння ў ступені дыяканату прыняў Генадзь Лаўніковіч SCI з Варапаева (Віцебская дыяцэзія), а ў ступені прэзбітэрату — дыякан Віталь Венцкевіч SCI з Гродна.

На Эўхарыстыі, якая адбылася ў мясцовай парафіяльнай святыні, сабраліся браты сэрцане на чале з дапаможным біскупам Люблінскай архідыяцэзіі Юзафам Врубэлем SCI, які ўдзяліў сакрамэнт пасвячэння. Іерарх заахвоціў маладых законнікаў прыгадаць дыялог Пана Езуса і Пятра, у якім Езус тройчы пытаецца ў апостала пра любоў да Яго, і няспынна задаваць сабе тое ж пытанне кожны дзень сваёй працы на ніве Пана, праяўляючы любоў да Бога і людзей у ахвярным служэнні.

Менавіта любоў, да прапаведвання якой заклікаў заснавальнік супольнасці сэрцанаў французскі святар Леон Ян Дэон у 1878 годзе, з’яўляецца важным аспектам штодзённага служэння гэтай супольнасці.

Ад сваіх законнікаў айцец Леон хацеў, каб яны «былі прарокамі любові і слугамі паяднання людзей з Богам». 

Сярод гасцей на ўрачыстасці пасвячэння прысутнічаў правінцыял Польскай правінцыі айцоў сэрцанаў кс. Веслаў Свеньх SCI, які выказаў падзяку маладым законнікам за ахвяру і высілак у наследаванні Хрыста, а таксама ўдзячнасць іх бацькам і родным, якія не змаглі прыехаць на ўрачыстасць, але далучыліся да яе духоўна праз хвалі радыё Profeto.pl — сэрцанскага парталу евангелізацыі.

Харызмай сэрцанаў з’яўляецца перажыванне штодзённасці ў духу любові і ўзнагароджання за грахі чалавецтва, а таксама ўдзячнасць Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса за дар бязмернай любові да нас. Пашыраючы культ Божага Сэрца, законнікі гэтай супольнасці выходзяць з адкрытым сэрцам і розумам у свет, каб несці вестку аб збаўчай любові.

Ксёндз Віталь Венцкевіч SCI нарадзіўся 13 снежня 1993 г. у Гродне, паходзіць з парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец). Пасля заканчэння школы пачаў падрыхтоўку да кансэкраванага і святарскага жыцця спачатку на Беларусі, а пасля ў Польшчы. У 2014 годзе прынёс свае першыя манаскія абяцанні, а ў 2018 — вечныя. У 2019 годзе яму ўдзяліў дыяканскае пасвячэнне біскуп Эдвард Яняк, ардынарый Каліскай дыяцэзіі (Польшча). Цяпер, пасля заканчэння фармацыі, накіроўваецца на служэнне на Беларусь. Два гады таму сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату атрымаў яго родны брат, які належыць да той жа супольнасці.

Дыякан Генадзь Лаўніковіч SCI нарадзіўся 7 кастрычніка 1994 г., паходзіць з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Варапаеве (Віцебская дыяцэзія). Скончыўшы сярэднюю школу ў 2012 годзе, распачаў пастулат на Беларусі і ў Польшчы. Наступным крокам быў гадавы навіцыят, які скончыўся ўрачыстым ахвяраваннем свайго жыцця Богу. 8 снежня 2019 года ён прынёс вечныя манаскія абяцанні чыстасці, паслухмянасці і ўбоства.

Супольнасць сэрцанаў на Беларусі налічвае на сённяшні дзень 13 святароў, якія нясуць служэнне ў Гродне, Астрыне, Паставах, Ляхавічах, Шаркаўшчыне і Варапаеве.

Сэрцане даручаюць у малітве Найсвяцейшаму Сэрцу новапасвячаных законнікаў, а таксама братоў беларусаў, якія працягваюць падрыхтоўку, каб служыць Касцёлу на Беларусі.

Абноўлена 18.05.2020 16:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.