12 мая ў касцёле Вышэйшай місіянерскай семінарыі ксяндзоў сэрцанаў у Стадніках (Польшча) адбыліся прэзбітэрскае і дыяканскае пасвячэнні. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў у гэты дзень дыякан Аляксей Венцкевіч, які паходзіць з гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец).
Пасвячэнні ўдзяліў арцыбіскуп Марэк Ендрашэўскі, Мітрапаліт Кракаўскі. У гаміліі, звяртаючыся да прымаючых пасвячэнні, іерарх між іншым падкрэсліў, што надышоў час, каб Сын Чалавечы быў умілаваны імі праз сваё «вось я».
«Гэта значыць, што вы хочаце быць блізкімі Хрысту і служыць заснаванаму Ім святому, каталіцкаму і апостальскаму Касцёлу», — сказаў арцыбіскуп.
Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел ксяндзы сэрцане, якія служаць у Гродне, а таксама сям’я і сябры новапрэзбітэра Аляксея Венцкевіча.
На заканчэнне літургіі новапрэзбітэры атрымалі місіянерскія крыжы ў знак гатоўнасці да служэння, у духу якога рыхтаваліся на працягу шасцігадовага прабывання ў семінарыі.
Даведка:
Супольнасць ксяндзоў сэрцанаў была заснавана з мэтай паказваць свету таямніцу любові Езуса да Айца і да людзей. Гэтая супольнасць павінна асаблівым чынам наследаваць св. апостала Яна, які спачываў на грудзях Хрыста падчас Апошняй Вячэры і застаўся верным Настаўніку ў час Яго смерці.
Заснавальнік супольнасці французскі святар Леон Жан Дэон у яе стварэнні перадусім кіраваўся жаданнем Пана Езуса, каб знайшліся душы, прысвечаныя любові да Яго і перапрашэнню Яго Сэрца за грахі людзей, Касцёла і грамадства.
Па гэтай прычыне сэрцане ўсё жыццё праводзяць у духу любові і перапрашэння. Хоць яны не былі пакліканы да нейкай канкрэтна акрэсленай дзейнасці, але маюць пэўны апостальскі кірунак: штодзённая эўхарыстычная адарацыя, служэнне найбольш патрабуючым, дапамога працаўнікам і працадаўцам, фармацыйнае служэнне асобам, прысвечаным Богу, а таксама выезд на замежныя місіі.
У Гродзенскай дыяцэзіі ксяндзы сэрцане служаць ужо шмат гадоў у Гродне (парафія Божай Міласэрнасці) і Астрыне (Шчучынскі дэканат).