13 мая каля санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Баранавічах адбылося благаслаўленне Крыжа пандэміі. Крыж быў усталяваны для таго, каб нагадаць людзям пра любоў Бога, пра Яго прысутнасць у жыцці кожнага чалавека — у тым ліку і ў гэты нялёгкі час.
Сваёй незвычайнай формай крыж нібы абдымае чалавека і ў той жа час запрашае кожнага асабіста з пакорай наблізіцца да яго і дазволіць Пану Богу абняць сябе, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці і сацыяльнага стану.
Са старажытных часоў для ўсіх хрысціянаў крыж з’яўляецца сімвалам збаўлення, якое дае Бог; знакам перамогі, якую Езус атрымаў над грахом і смерцю.
Гэта крыніца нашай надзеі на жыццё вечнае. Менавіта таму крыж займае цэнтральнае месца ва ўсіх святынях свету. Крыжы бачым на скрыжаваннях дарог, у людзей дома, нацельныя крыжыкі — на шыі вернікаў. Пачэснае месца крыжам адведзена і ў хрысціянскім мастацтве.
У Евангеллі паводле Яна гаворыцца: «Як Майсей узняў змея ў пустыні, так павінен быць узняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае» (Ян 3, 14-15). У гэтым фрагменце аўтар нагадвае нам старазапаветныя падзеі, якія адбыліся, калі Майсей у пустыні ўстанавіў на жэрдзі меднага змея, з дапамогай якога Бог вылечваў і збаўляў ад смерці ізраэльцянаў, якія зграшылі і былі ўкушаныя ядавітымі змеямі (гл. Ліч 21, 9).
У той жа час прыведзены тэкст гаворыць пра значэнне крыжа Езуса — крыжа, які стаў знакам збаўлення і жыцця вечнага, «дрэвам благаслаўлёным» (Мдр 14, 7) і «дрэвам жыцця» (Ап 22, 2). Езус памёр за ўсіх, каб прымірыць Бога з чалавекам (гл. Эф 2, 14-15), або, як гаворыць святы апостал Пётр, «Ён сам, у сваім целе ўзнёс грахі нашыя на дрэва <…> Ранамі Яго вы аздароўленыя» (1 П 2, 24).
У часы ранняга хрысціянства з’явілася канцэпцыя «дрэва жыцця», якую пазней развівалі Тэртуліян і Бонавэнтура і якая знайшла адлюстраванне ў хрысціянскім мастацтве ў выглядзе мазаік, мініяцюр і жывапісу.
Ірынэй Ліёнскі пісаў, што на крыжы Езус прыняў у свае абдымкі і аб’яднаў усё падзеленае чалавецтва. А некалькі стагоддзяў пазней Бонавэнтура заклікаў разважаць не толькі пра мукі Езуса на крыжы, але і пра аб’яўленую на ім любоў Збаўцы.
Безумоўна, у кожнага крыжа ёсць свая гісторыя, больш ці менш вядомая. Напрыклад, італьянскія вернікі перакананыя, што крыж са святыні Сан-Марчэлло-аль-Корса дапамог спыніць эпідэмію чумы ў Рыме ў XVI стагоддзі, калі вернікі хадзілі ў працэсіях з гэтым крыжам і маліліся ў розных раёнах Вечнага горада. У сакавіку Папа Францішак двойчы маліўся перад гэтым укрыжаваннем, просячы аб спыненні пандэміі каранавірусу ў свеце (малітвы адбыліся ў самой святыні і на пустой плошчы Святога Пятра).
У Еўропе таксама вядомы крыж XVI ст. з іспанскага горада Каравака, які ў больш позні перыяд стаў правобразам хатніх крыжоў, якія, як лічыцца, захоўвалі ад бедаў, хваробаў і нечаканай смерці, перад якімі часта маліліся вернікі, просячы дапамогі і абароны ў Бога.
Тут варта зазначыць, што выратоўваў не сам крыж, а малітвы, якія ўзносіліся да Бога.
Насамрэч крыж — не «чароўная палачка» і не нейкі «магічны» прадмет. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла напісана, што «крыж — гэта ўнікальная ахвяра Хрыста, адзінага „пасрэдніка паміж Богам і людзьмі“ (1 Цім 2, 5). Ён прапануе ўсім магчымасць далучыцца да пасхальнай таямніцы шляхам, які вядомы толькі Богу» (ККК 618).
Гаворачы пра хрысціянскае мастацтва, нельга не ўзагадаць фігуры Езуса Хрыста, якія сёння можна сустрэць у многіх краінах свету. Самай знакамітай сярод іх, бадай што, з’яўляецца фігура Хрыста-Збаўцы з распасцёртымі рукамі, якая ўстаноўлена на вяршыні гары Каркаваду ў Рыа-дэ-Жанэйра. Жэст Езуса — гэта сімвал Божага благаслаўлення для ўсяго свету, у якім лёгка ўбачыць і знак крыжа.
У іканаграфіі можна сустрэць выявы Езуса — Добрага Пастыра, які нясе на сваіх плячах заблукалую авечку. Гэты абраз нагадвае нам словы Езуса Хрыста: «Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак» (Ян 10, 11). Ёсць і іншыя выявы, дзе Езус абдымае дзяцей і людзей. Усе яны нагадваюць пра ўсеабдымную Божую любоў, якой вучыў нас сам Езус: «Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго» (Ян 13, 34).
Крыжы бываюць розныя — па свайму стылю, памерам, з укрыжаваным Хрыстом на ім і без. Аднак, нягледзячы на гэта, усе яны маюць аднолькавую функцыю — быць бачным знакам Божай прысутнасці і нагадваць людзям пра Крыж, на якім прыняў смерць Езус Хрыстус.
2020 год стаў асаблівым для ўсяго чалавецтва. Аўтар крыжа спадзяецца, што «Крыж пандэміі», які зваліўся на плечы жыхароў усіх кантынентаў, стане напамінам пра тое, што мы цалкам залежым ад Божай міласэрнасці, Божай любові, якою любячы Айцец атуляе нас і якую пасылае нам праз свае знакі — у тым ліку і праз знак крыжа. Але крыж не можа хадзіць. Пойдзем да яго мы, каб абняць, прытуліцца з любоўю і зноў паверыць: Бог не пакіне!