5 мая найстарэйшы ў Беларусі каталіцкі іерарх біскуп Казімір Велікаселец ОР адзначае 75-гадовы юбілей з дня нараджэння.
Казімір Велікаселец нарадзіўся ў вёсцы Стараволя Пружанскага раёна, што на Брэстчыне, у пабожнай каталіцкай сям’і. Пасля службы ў войску працаваў на будоўлі ў Вільні. Там пазнаёміўся з Ордэнам Прапаведнікаў (дамініканаў), у які пажадаў уступіць.
Гэтыя мары здзейсніліся падчас навучання ў Рыжскай духоўнай семінарыі, куды быў залічаны ў 1981 годзе. Паколькі атэістычныя ўлады доўга не давалі яму дазволу на паступленне ў гэтую адну з дзвюх каталіцкіх семінарый, што дзейнічалі ў Савецкім Саюзе, душпастырскую фармацыю Казімір Велікаселец распачаў у тагачаснага Генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі ксяндза Вацлава Пянткоўскага.
3 чэрвеня 1984 года прыняў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату з рук кардынала Юліяна Вайвадса.
З 1984 года быў пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Ішкалдзі. У 1992 годзе ксёндз Казімір Велікаселец быў прызначаны Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі. Адначасова выконваў абавязкі дэкана Баранавіцкага дэканату і пробашча касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах.
6 мая 1999 года Папа Ян Павел II прызначыў Казіміра Велікасельца тытулярным біскупам Бланды Юліі і дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі.
24 чэрвеня таго ж года адбылося біскупскае пасвячэнне, цэлебрацыю якога ўзначаліў кардынал Казімір Свёнтэк.
Дэвізам біскупскага служэння старэйшага беларускага іерарха сталі словы з малітвы «Ойча наш» — Fiat voluntas Tua — «Будзь воля Твая».
Біскуп Казімір Велікаселец дзеліцца ўспамінамі пра жыццё ТУТ>>>
***
Ксёндз Аляксандр Улас ад імя ўсіх супрацоўнікаў парталу Catholic.by шчыра віншуе шаноўнага юбіляра і жадае шчодрых ласкаў Божых праз рукі Марыі на доўгія гады жыцця, цалкам прысвечанага служэнню Праўдзе.