Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Пінскай дыяцэзіі пачынаючы з 22 красавіка пачало аказваць дапамогу ў выглядзе прадуктовых набораў.
Амаль 180 прадуктовых набораў ужо атрымалі пенсіянеры, інваліды, шматдзетныя сем’і і людзі ў складаным жыццёвым становішчы. У бліжэйшы час у межах гэтай акцыі плануецца перадаць патрабуючым яшчэ пару дзясяткаў прадуктовых набораў.
Падрыхтоўка да аказання дапамогі пачалася яшчэ ў лютым.
Супрацоўнікі і валанцёры таварыства Caritas старанна збіралі інфармацыю пра патрабуючых. У падрыхтоўцы не менш важную ролю адыгралі святары Пінскай дыяцэзіі, якія адгукнуліся на просьбу Caritas і дапамаглі ў пошуках патрабуючых у сваіх рэгіёнах.
У выніку дапамога была аказана ў такіх мясцовасцях, як Брэст, Каменец, Пелішча, Пружаны, Новая Воля, Косава, Івацэвічы, Паланэчка, Ішкалдзь, Петкавічы, Дзідзічы, Лясная, Гута, Баранавічы, Мядзведзічы, Любашава, Сукач, Ганцавічы, Ельня, Лагішын, Пінкавычы, Заазёр’е, Галева, Пінск і інш.
Дзякуючы прыкладзеным намаганням дапамогу атрымала вялікая колькасць людзей розных катэгорый, якія пражываюць на тэрыторыі Брэсцкай вобласці.
Людзі, якія атрымалі дапамогу, былі вельмі ўдзячныя тым, хто аказаў ім падтрымку ў гэты час, такі складаны для ўсяго свету па прычыне пандэміі.
Адзін з такіх людзей адзначыў: «Нягледзячы на тое, які складаны жыццёвы лёс мяне спаткаў, я ўдзячны Богу, бо дзякуючы Касцёлу я заўсёды адчуваю падтрымку, любоў і дапамогу».