Пошук

23.04.2020 10:00   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

22 красавіка, у 50-ы Сусветны дзень Зямлі, прысвечаны ахове навакольнага асяроддзя, кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў памятаць пра Чарнобыльскую катастрофу і маліцца аб дажджы.

Заклік Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча

Дарагія браты і сёстры,

выкліканы пандэміяй каранавірусу крызіс закрануў увесь свет і практычна ўсе сферы чалавечага жыцця. Каталіцкі Касцёл у Беларусі не застаецца ў баку ад гэтай надзённай праблемы і робіць свой унёсак у яе як найхутчэйшае вырашэнне. Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas, іншыя структуры Касцёла і паасобныя вернікі ў меру сваіх магчымасцяў дапамагаюць хворым, медыкам і ўсім тым, хто вядзе барацьбу з эпідэміяй. У касцёлах ва ўсёй краіне штодзённа ўзносяцца малітвы аб выбаўленні ад гэтай заразнай і небяспечнай хварбы. Моляцца вернікі і прыватна, застаючыся дома ў гэтыя цяжкія дні.

Апошнім часам да праблемы каранавірусу далучылася праблема небяспечнай засухі, якая можа вельмі негатыўна паўплываць на будучы ўраджай, яшчэ больш падарваць народную гаспадарку, якой і так даводзіцца нялёгка, і пагоршыць эканамічную сітуацыю людзей.

У наступную нядзелю, 26 красавіка, прыпадае 34-я гадавіна Чарнобыльскай катастрофы. Яна стала своеасаблівай «радыёактыўнай пандэміяй», наступствы якой Беларусь і суседнія краіны адчуваюць да сённяшняга дня.

У сувязі з гэтым заклікаю вернікаў да малітваў у інтэнцыі спынення каранавірусу далучыць малітвы аб такім патрэбным дажджы, а ў нядзелю 26 красавіка памаліцца таксама за ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы і аб тым, каб Бог нас сцярог ад падобных трагедый і экалагічных бедстваў у будучыні.

З благаслаўленнем

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 22 красавіка 2020 г.

Абноўлена 23.04.2020 12:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа