Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч віншуе вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы са святам Пасхі Хрыстовай.
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Паважаныя браты і сёстры!
Сардэчна віншую вас са збаўчым святам Пасхі Хрыстовай!
Сёння наш позірк скіраваны ў напрамку пустой магілы Збаўцы, адкуль з цемры прамяніцца святло Уваскрасення, якое нясе надзею нават насуперак надзеі.
Гэта асабліва важна падчас пандэмій каранавірусу і грахоўнасці, што захапілі свет. Чалавек, які паставіў сябе на месца Бога, нечакана адчуў сваю крохкасць. Эпідэмія паказала неабходнасць пераасэнсавання як існуючага светапарадку, так і вяртання да духоўных каштоўнасцяў.
У гэтай складанай сітуацыі жадаю вам, дарагія праваслаўныя браты і сёстры, моцы духа і веры ў тое, што пасля выкліканай гэтай эпідэміяй цярпенняў Вялікай пятніцы настане радасць Велікоднай раніцы.
Няхай Уваскрослы Збаўца адорыць вас сваімі ласкамі, супакоем і надзеяй на новае, поўнае духоўнага і фізічнага здароўя заўтра.
З малітвай ва Уваскрослым Хрысце
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі