Пошук

11.04.2020 15:56   Паводле: Сatholicnews.by

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч віншуе вернікаў з Велікоднымі святамі.

Шаноўныя святары, кансэкраваныя браты і сёстры,
дарагія вернікі, суайчыннікі!

Хрысціянская вера — гэта няспынны напамін чалавецтву пра тое, што яно не пакінутае на волю сляпога лёсу. Мы не наступствы выпадковых падзей ці здарэнняў у Сусвеце, але плён творчага акту Сутнасці, недасяжнай нам у поўнай меры, але якая паказвае нам няспынна сваю бязмежную Любоў. Сутнасці, для якой мы з’яўляемся дзецьмі, непаслухмянасць і ганарлівасць якіх Яна выпраўляе коштам свайго пасвячэння і сваёй ахвяры.

Менавіта пра гэта кажа нам Вялікдзень: твае грахі, чалавеча, прабачаныя! Але прымі, зразумей і будзь удзячны за гэта!

Вялікі пост, які мы перажылі ў гэтым годзе, быў пазначаны асаблівымі выклікамі, якія не павінны аднак пазбавіць нас даверу да Бога і спадзявання на Яго айцоўскую дабрыню і міласэрнасць да кожнага чалавека. Велікодныя святы нагадваюць нам, што Сын Божы не застаецца ўбаку ад людскіх выпрабаванняў, але сам бярэ крыж, несучы яго разам з намі, каб на ім памерці і… уваскрэснуць!

«…Будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16, 33)! І сёння мы святкуем удзел у гэтай Перамозе! Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Гэта рэчаісная перамога Хрыста над грахом і смерцю няхай дапаможа нам нанава перагледзець нашае жыццё, убачыць і зразумець яго сэнс, ацаніць сваё месца ў ім і ўзважыць свае магчымасці, пагадзіцца з Ягонымі словамі: «Без Мяне нічога не можаце зрабіць» (Ян 15, 5). Так, гэта патрабуе пакоры, але прыклад таго дае нам сам Збаўца: «Ён, будучы ў постаці Бога, не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы як чалавек, прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай» (Флп 2, 6-8).

Бог любіць нас! Няхай гэтая праўда напаўняе вас, дарагія браты і сёстры, радасцю і спакоем!

Няхай дае сілы ў выпрабаваннях, няхай вучыць нас быць спагадлівымі, адказнымі і міласэрнымі да саміх сябе і да нашых бліжніх!

Здароўя і Божага благаслаўлення! Хрыстус уваскрос! Са святам!

+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

Абноўлена 12.04.2020 10:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця