Раніцай у Вялікую пятніцу 10 красавіка ў памяшканні Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылася сустрэча Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з намеснікам міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Аленай Богдан.
Напярэдадні міністр Уладзімір Каранік па тэлефоне прапанаваў арцыбіскупу Кандрусевічу правесці асабістую сустрэчу з адным з ягоных намеснікаў для ўзгаднення захадаў, скіраваных на прадухіленне заражэнняў і далейшага распаўсюджвання эпідэміі каранавірусу.
Падчас сустрэчы, якая прайшла ў прыязнай добразычлівай атмасферы, бакі абмеркавалі спосабы ўзаемадзеяння Касцёла з міністэрствам у складаны час пандэміі каранавірусу. Намеснік міністра высока ацаніла намаганні Касцёла і ўсе выдадзеныя касцёльнай уладай распараджэнні ў гэтай справе, скіраваныя на прадухіленне хваробы.
Алена Богдан зазначыла, што міністэрства аховы здароўя настойліва заахвочвае да цэлебрацыі набажэнстваў, у тым ліку абрадаў пахавання, на адкрытым паветры.
Прадстаўніца ўраду выказала гатоўнасць да больш шчыльнага супрацоўніцтва з Касцёлам, у тым ліку да правядзення сустрэч спецыялістаў міністэрства са святарамі для распрацоўкі канкрэтных і эфектыўных мер у барацьбе з эпідэміяй.
Разам з тым Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў гэты складаны для ўсіх час нагадвае святарам аб абавязку цэлебрацыі святых сакрамэнтаў і сакрамэнталій (а таксама правядзення абрадаў пахавання), каб вернікі не былі пазбаўленыя душпастырскага кіраўніцтва і неабходных для збаўлення духоўных дабротаў.