Пошук

09.04.2020 14:06   Тэкст: Анастасія Грышан / Фота: Таццяна Ефіменка / Catholic.by

9 красавіка, у Вялікі чацвер, дзень праслаўлення Бога за дар святарства, у катэдральным касцёле ў Пінску адбылася Імша Хрызма. Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

У гэты дзень ва ўсім свеце ў катэдрах збіраюцца біскупы і прэзбітэры, якія хочуць аднавіць свой давер Хрысту і святарскія абяцанні.

Як нагадаў біскуп Антоні Дзям’янка ў гаміліі, у Вялікі чацвер «Касцёл таксама выказвае святарам удзячнасць за іх служэнне, дзякуючы якому таямніцы Божага жыцця кожны дзень праяўляюцца ў свеце».

Іерарх дадаў, што жыццё ў сённяшнім свеце прыносіць шматлікія заданні і ставіць шмат праблем, таму «часта губляецца гармонія вонкавага і духоўнага жыцця чалавека».

Выклікі для Касцёла, па словах біскупа, нясе і сучасная культура секулярнага свету, які «не адмаўляе існавання Бога, але не прымае разнастайныя каштоўнасці».

Падчас Імшы адбылося асвячэнне алеяў, якія выкарыстоўваюцца пры ўдзяленні сакрамэнтаў. Біскуп нагадаў, што абрад асвячэння алеяў — гэта цырымонія еднасці Касцёла з пастырам, а асабліва еднасці Касцёла з Хрыстом, знак асаблівай міласэрнасці Хрыста адносна кожнага з нас.

«Нашы рукі былі намашчаны алеем, — адзначыў іерарх. — Нашыя рукі існуюць для таго, каб у сучасным свеце не толькі абвяшчаць міласэрнасць, але і чыніць, несці яе. Мы пасланыя адшукваць тых, хто пакрыўджаны лёсам у нашых парафіях. А можа, пакрыўджаныя іншымі асобамі, арганізацыямі, установамі. І мы пакліканы таксама патрабаваць ад іх міласэрнасці і справядлівасці.

Нашыя рукі былі намашчаны для таго, каб быць чалавекам, святаром міласэрнасці ў сучасным свеце. Мы былі намашчаны алеем, каб быць апосталамі міру і несці спакой».

Звяртаючыся да святароў, біскуп падкрэсліў: «Толькі разам мы зможам выканаць універсальную місію Касцёла для збаўлення ўсіх людзей».

Ён дадаў, што сённяшняе святарскае служэнне адбываецца ў незвычайны і неспрыяльны час, бо з аднаго боку заўважаецца крызіс веры, а з іншага — «святар у сучасным грамадстве ўяўляецца як рэлікт мінулага».

«Гэта таксама і крытыка нас, святароў, за пэўныя грахі, якія здзейснілі некаторыя нашыя браты ў служэнні. Гэта і патрабаванні Хрыста, Касцёла ад святара, якія свет не разумее», — сказаў біскуп. Але, па яго словах, «і ў нашым выпадку ёсць магчымасці рэалізаваць наказ Пана — пасвіць і сцерагчы Яго статак».

Іерарх заахвоціў святароў горача любіць Хрыста, а таксама Яго Найсвяцейшую Маці.

Ён пажадаў ім, каб заступніцтва Панны Марыі падтрымлівала іх святарскае служэнне, а Божая ласка ўмацоўвала.

Біскуп падзякаваў усім святарам за тое, што яны будуюць Божае валадарства ў сэрцах людзей, цэлебруюць Літургію, здзяйсняюць ахвярнае служэнне, а таксама падзякаваў свецкім вернікам за дапамогу святарам у выкананні іх місіі, за малітву і сардэчнасць.

На заканчэнне цэлебрацыі вернікі павіншавалі сваіх духоўных пастыраў і шчыра падзякавалі ім за служэнне.

 

Абноўлена 09.04.2020 14:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця