6 красавіка ў парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску адбылося пахаванне ксяндза каноніка Алега Дуля, які апошнія 13 гадоў быў пробашчам гэтай парафіяльнай супольнасці і дэканам Ваўкавыскага дэканату. Ён адышоў у вечнасць 3 красавіка на наступны дзень пасля смерці свайго бацькі.
Як паведамляе Grodnensis.by, у святыні, якая была пабудавана дзякуючы старанням спачылага, сабраліся шматлікія святары, сёстры законныя і вернікі, якім з вялікай адданасцю служыў кс. Алег.
Цэлебрацыю Эўхарыстыі ў інтэнцыі неспадзявана памерлага святара ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Прысутнічаў таксама дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
На пачатку Імшы біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што ксёндз Алег адышоў, мяркуючы па-чалавечы, заўчасна, бо пражыў няпоўныя 47 гадоў. Аднак, заўважыў іерарх, за свае больш чым 20 гадоў святарскага служэння Касцёлу на Гродзеншчыне ён зрабіў вельмі шмат.
У сэрцах вернікаў ён застанецца як будаўнік святыні і кіраўнік шматлікіх пілігрымак па святых месцах усёй Еўропы.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў спачыламу за тое, што ён умеў цешыцца дарам святарства, якое атрымаў ад Езуса Хрыста, Найвышэйшага Святара.
У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі падкрэсліў, што смерць святара з’яўляецца для ўсіх урокам і напамінам, што няўхільнае расстанне з гэтым светам, а таксама напамінам пра канчатковае прызначэнне чалавека.
Іерарх дадаў, што кс. Алег з адвагай прымаў заданні, даручаныя яму Касцёлам, і заўсёды ішоў наперад, не зважаючы на розныя перашкоды, і, што найважнейшае, — дасягаў поспеху.
Вернікі, што знаходзяцца ў жалобе пасля страты свайго душпастыра, у гэты дзень не хавалі слёз узрушэння і болю. Гэта быў адзіны святар, які служыў у іх парафіі. Ён яднаў іх з Богам, указваў шлях, удзяляў святыя сакрамэнты, абвяшчаў Божае слова. Таму гэтая неспадзяваная смерць была для іх вялікім ударам.
Вернікі перажывалі ў сваёй парафіі велікапосныя рэкалекцыі.
У пятніцу 3 красавіка, удзельнічаючы ў набажэнстве Крыжовага шляху, яны не ведалі, што ў гэты час у плябаніі паміраў іх душпастыр.
У душы вернікаў назаўсёды застануцца словы, якія ён вельмі часта, калі парафіяне звярталіся да яго са сваімі праблемамі, паўтараў: «Усё будзе добра».
Ксёндз Алег Дуль быў пахаваны ля касцёла. Парафіяне глыбока вераць, што іх святар будзе дапамагаць ім цяпер з неба. А яны, ідучы ў святыню, будуць спыняцца ля яго магілы, узносіць за яго малітвы і дзякаваць за кожнае дабро, якое атрымалі праз яго адданае служэнне.
Ксёндз канонік Алег Дуль нарадзіўся ў 1973 г. у в. Падгалішкі, якая належыць да парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Забалаці (Радунскі дэканат). У 1997 г. скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, 16 кастрычніка 1999 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча.
З 1999 па 2000 гг. служыў вікарыем у сваёй роднай парафіі ў Забалаці, адначасова абслугоўваў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Начы, Божай Міласэрнасці ў Доцішках і св. Юрыя ў Асаве.
З 2000 г. распачаў служэнне ў якасці пробашча ў парафіі ў Начы. З 2007 года быў пробашчам парафіі св. Станіслава Косткі і дэканам Ваўкавыскага дэканату.
Памёр 3 красавіка 2020 г. у Ваўкавыску, на наступны дзень пасля смерці свайго бацькі.