Пошук

05.04.2020 07:57   Тэкст: Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by

У Пальмовую нядзелю, калі ў Касцёле праходзіць Дзень моладзі на дыяцэзіяльным узроўні, біскуп Юзаф Станеўскі ў сваім блогу разам з Папам Францішкам запрашае юнакоў і дзяўчат «устаць» і выйсці насустрач Езусу.

Дарагія сябры!

Сёння, у Пальмовую нядзелю, Каталіцкі Касцёл, а асабліва найпрыгажэйшая яго частка, моладзь, перажывае свой 35-ы Сусветны дзень у дыяцэзіях.

Ён праходзіць пад дэвізам, які прапанаваў Папа Францішак:

«Хлопча, табе кажу, устань!» (Лк 7, 14).

Пры гэтым Святы Айцец зазначыў, што слова «ўстань», з якім Езус звяртаецца да памерлага юнака з Наіна, значыць таксама «ўваскрэснуць, абудзіцца да жыцця».

«Хлопча, табе кажу, устань!» (Лк 7, 14) / umanesimocristiano.org

А яшчэ Папа заўважыў, што Евангелле не называе імя юнака, якога Езус уваскрасіў у Наіне. Гэта, па словах Папы Францішка, заклік да таго, каб чытач атаясамліваў сябе з ім.

«Езус прамаўляе да цябе, да мяне, — піша Святы Айцец, — да кожнага з нас, і кажа: „Устань!“».

(з паслання Святога Айца Францішка на 35-ы Сусветны дзень моладзі).

Мае маладыя сябры, у згаданым пасланні Папа Францішак заклікае вас па прыкладзе Езуса заўважыць вакол сябе пакуты і смерць, якія могуць быць не толькі фізічнымі, але і духоўнымі. І дадае, што не падае толькі той, хто не ідзе; але ён і не рухаецца наперад. Таму, піша Папа, трэба прыняць умяшанне Хрыста і здзейсніць акт веры ў Яго. Першы крок — гэта згода «ўстаць».

Дарагія юнакі і дзяўчаты, вера — гэта пілігрымка па жыцці і вандроўка па старонках Святога Пісання з мэтай пазнання нашага Збаўцы і Сябра Езуса Хрыста. Вера — гэта рух.

Аднак, як было ўжо са смуткам заўважана, цяпер мы не вырушым працэсіяй, каб радасна ўсклікаць: «Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!» (пар. Мц 21, 9), бо часова склаліся такія абставіны…

Фота: Grodnensis.by

Але, мае дарагія, мы ведаем, што існуе і духоўная пілігрымка веры. А ў кожнай пілігрымцы і падарожжы патрэбны прывал, каб набрацца сілаў на далейшую дарогу і зверыць шлях з вызначанай мэтай. Патрэбныя і цішыня, і адпачынак, бо гэта спрыяе нашаму духоўнаму развіццю. Цішыня — гэта магчымасць пачуць голас Божы, скіраваны да нас.

Мы чуем, як Езус звяртаецца і кажа:

«Я стукаўся ў дзверы тваёй душы кожны дзень, кожнае імгненне, але ты не адкрываў Мне.

Я хацеў напоўніць цябе чыстымі думкамі і пачуццямі, але твой негатыўны настрой не прапускаў іх. Я хацеў напоўніць тваё сэрца прыгажосцю, але ты не слухаў птушынага спеву, не захапляўся харством нябёсаў, не атрымліваў асалоду ад прыгажосці прыроды. Я хацеў падараваць табе шчасце, каханне, але ты запоўніў сябе пакутамі і страхам».

Ілюстрацыйная выява: Рinterest.com

Дарагія мае маладыя сябры, Папа Францішак піша, што той, хто паслухае Езуса і адкрые сэрца, перажыве сустрэчу з Ім, адчуе Яго дотык. Магчыма, гэта будзе так:

«Я ўзяў цябе за руку, — скажа Езус, — мы ўвайшлі ў касцёл, боская прыгажосць напоўніла цябе дзівосным святлом. Ты ўсміхнуўся Мне і прашаптаў: „Дзякуй“».

Дарагія юнакі і дзяўчаты, сапраўднае духоўнае жыццё пачынаецца тады, калі чалавек прымае Божую волю, парады духоўнага кіраўніка, калі задумваецца над тым, што адбываецца ў ягоным сэрцы.

Ілюстрацыйнае фота: Сathopic.com

На жаль, многія маладыя людзі жывуць, не задумваючыся над тым, што з імі адбываецца ў гэтым жыцці. Жывуць сабе і жывуць. Не ходзяць у касцёл ані на катэхезу, не спавядаюцца, не прыступаюць да Камуніі, не чытаюць Евангелля. Хоць ім здаецца, што яны жывуць поўным жыццём, там няма галоўнага пытання: дзе ў маім жыцці Бог?

«Хлопча, табе кажу, устань! Дзяўчына, табе кажу, устань!» (пар. Лк 7, 14).

Дзякую вам, юнакі і дзяўчаты, якія пачулі і адказалі на гэты залік Езуса! Бо, як кажа адзін з вас:

«Калі я адгукнуўся і ўстаў, я зразумеў, што туга і пакуты — гэта толькі папераджальныя сігналы аб тым, што я жыву супраць сваёй уласнай прыроды. Дзякуючы сустрэчы з Езусам, сёння я ведаю, што гэта — Сумленнасць.

Ілюстрацыйная выява: Вlogspot.com

Я зразумеў, як моцна можна пакрыўдзіць чалавека, навязваючы яму выкананне маіх жаданняў, разумеючы, што яшчэ не час для гэтага і чалавек да гэтага не гатовы, нават калі гэты чалавек — я сам. Сёння я называю гэта Павагай.

Калі я перастаў жадаць іншага жыцця, змог убачыць, што ўсё, што мяне акружае, запрашае мяне да росту.  Сёння я называю гэта Сталасцю.

Калі я зразумеў, што пры любых абставінах знаходжуся ў патрэбным месцы і ў патрэбны час, што ўсё адбываецца ў патрэбны момант, цяпер я называю гэта Упэўненасцю.

Калі я перастаў марнаваць свой час і адкінуў летуценні аб будучых грандыёзных праектах, сёння я раблю тое, што я люблю рабіць, што радуе маё сэрца. Цяпер я называю гэта Прастатой.

Калі я вызваліўся ад усяго, што прыносіць шкоду майму здароўю, што збівае мяне са шляху, сёння я называю гэта Любоўю да самога сябе.

Ілюстрацыйная выява: Рinterest.de

Калі я перастаў лічыць, што заўжды маю рацыю, з таго часу я радзей яе не маю. Сёння я зразумеў, што гэта — Сціпласць.

Калі свой розум я змог звязаць з маім сэрцам і верай, ён адразу стаў маім каштоўным саюзнікам. Сёння я называю гэтую сувязь Мудрасцю веруючага сэрца».

Мой любы сябра, дзякуй табе за шчырасць. Я падзяляю тваю радасць сустрэчы з Езусам.

Мне прыемна пачуць тваю жыццёвую лекцыю і даведацца пра пройдены табой з Езусам шлях. Ты малайчына, што не пабаяўся «ўстаць» на Яго заклік.

Фота: Вeresta.by

Браты і сёстры, юнакі і дзяўчаты!

За Папам Францішкам і я прашу вас наблізіцца да тых, якія «памерлі духам», каб разам з Езусам да іх «дакрануцца». Такім чынам вы зможаце перадаць жыццё вашым сябрам, духоўна нежывым, якія пакутуюць ці згубілі веру і надзею.

З малітвай за вас, ваш спадарожнік біскуп Юзаф

Абноўлена 05.04.2020 17:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.