Пошук

31.03.2020 16:31   Catholic.by

РАСПАРАДЖЭННЕ
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
адносна цэлебрацыі Вялікага тыдня ва ўмовах пандэміі каранавірусу

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры.

Завяршаецца Вялікі пост — час ласкі і навяртання, які ў гэтым годзе пазначаны выклікам эпідэміі каранавірусу. Ад усяго сэрца дзякую за вашую адказнасць і разуменне гэтага часу вялікіх абмежаванняў. Дзякую святарам і кансэкраваным асобам за іх ахвярнае служэння вернікам.

Сёлета Пальмовую нядзелю і Пасхальны трыдуум мы будзем перажываць, беручы пад увагу Дэкрэты Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў ад 19 і 25 сакавіка 2020 г., а таксама Дэкрэт Кангрэгацыі Усходніх Касцёлаў ад 27 сакавіка 2020 г.

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у Рэспубліцы Беларусь, дбаючы пра духоўнае і фізічнае здароўе вернікаў і беручы пад увагу вышэйназваныя Дэкрэты, а таксама адсутнасць уведзеных кампетэнтнымі ўладамі абмежаванняў адносна супольнага знаходжання людзей і іх перамяшчэння, загадваю наступнае:

  1. Набажэнства Пальмовай нядзелі на ўспамін урачыстага ўваходу Езуса ў Ерузалем правесці згодна са звычайным парадкам з працэсіяй, выкарыстоўваючы першую форму з Рымскага Імшалу, або, зважаючы на канкрэтныя ўмовы, паводле разважлівага меркавання пробашча, без працэсіі, выкарыстоўваючы другую ці трэцюю форму (урачысты альбо звычайны ўваход).
    Калі дазваляюць умовы і надвор’е, то ўсё набажэнства або толькі працэсію з вербамі можна арганізаваць на прылеглай да касцёлаў тэрыторыі.
  2. Імша Хрызма ў Вялікі чацвер 9 красавіка 2020 г. адбываецца як звычайна ў катэдрах у Мінску і ў Магілёве з удзелам дэканаў і святароў, якія пажадаюць далучыцца да цэлебрацыі.
  3. Вечаровая Імша Вячэры Пана цэлебруецца паводле звычайнага парадку, абрад абмыцця ног прапускаецца. Беручы пад увагу канкрэтныя ўмовы і паводле разважлівага меркавання пробашча, можна не рабіць працэсію да сімвалічнай цямніцы, а Найсвяцейшы Сакрамэнт пакінуць у табэрнакулюме.
  4. Набажэнства Вялікай пятніцы адбываецца як звычайна з наступнымі зменамі:
  • У малітве вернікаў дадаецца яшчэ адзін заклік, які абвяшчаецца пасля дзявятага закліку ў фармуляры, пададзеным у Рымскім Імшале. Тэкст закліку ў Дадатку.
  • Адарацыю Крыжа пацалункам здзяйсняе толькі цэлебрант. Іншыя ўдзельнікі набажэнства ўшаноўваюць Крыж укленчваннем або глыбокім паклонам.
  1. Благаслаўленне велікодных страваў адбываецца як звычайна. Калі адпавядаюць умовы і надвор’е, можна здзейсніць гэта звонку на прылеглай да касцёла тэрыторыі.
  2. Пасхальная вігілія цэлебруецца паводле звычайнага парадку. Зважаючы на канкрэтную сітуацыю і паводле разважлівага меркавання пробашча можна прапусціць благаслаўленне агню і працэсію з пасхалам. У такім выпадку набажэнства распачынаецца з запальвання і благаслаўлення пасхала пры алтары і абвяшэння Пасхі Exsultet. Літургія хросту можа быць абмежавана да аднаўлення абяцанняў хросту.
    Вернікаў прашу прынесці з сабой ваду для асвячэння ў сваім начынні.
  3. Рэзурэкцыйная працэсія адбываецца паводле мясцовага звычаю (пасля святой Імшы Пасхальнай вігіліі, дзе існуе такая практыка, або перад ранішняй святой Імшой у нядзелю Уваскрасення Пана). Паводле разважлівага меркавання пробашча, працэсія можа быць адменена.
  4. Ахвяраванні вернікаў на Святую Зямлю ў гэтым годзе з Вялікай пятніцы пераносяцца на 13 верасня.

У гэтае распараджэнне могуць быць унесеныя змены, калі таго будзе патрабаваць сітуацыя.

Святарам, кансэкраваным асобам і вернікам жадаю Божага благаслаўлення і вытрымкі ў гэты час асаблівага выпрабавання, каб, нягледзячы на эпідэмію каранавірусу, мы маглі годна падрыхтавацца і цэлебраваць як Пальмовую нядзелю, так і святы Пасхальны трыдуум.

Удзячныя лекарам і службам грамадскага парадку за іх ахвярнае служэнне, скіраванае на прадухіленне каранавірусу і лячэнне тых, хто заразіліся, звернем у гэты складаны час наш позірк на Бога і даверымся Яму, бо ў Ім — наша надзея.

З благаслаўленнем і пажаданнямі моцнага здароўя

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 31 сакавіка 2020 г.

Дадатак

P.S. Святарам належыць прачытаць гэтае Распараджэнне вернікам адразу пасля яго атрымання, а таксама ў Пальмовую нядзелю 5 красавіка 2020 г.

Версія для друку ТУТ>>>

Абноўлена 01.04.2020 13:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.