Пошук

27.03.2020 16:57   Тэкст: Ірына Шнітоўская / Naracz.by / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Wordpress.com

25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у парафіі святога апостала Андрэя ў Нарачы ўжо ў 15-ы раз адбылася акцыя «Духоўнага ўсынаўлення» ненароджанага дзіцяці.

Як паведамляецца на парафіяльным сайце Naracz.by, сёлета каля 80 вернікаў парафіі ўзялі на сябе абавязак маліцца за дзіця, якому пагражае небяспека аборту.

Калі пацікавіцца статыстыкай і зазірнуць у парафіяльную кнігу «Духоўнага ўсынаўлення», то можна падлічыць, што за 15 гадоў, падчас якіх нарачанцы моляцца за ненароджаных дзяцей, было ўратавана каля 1500 жыццяў немаўлят.

«Духоўнае ўсынаўленне» — гэта малітоўны абавязак канкрэтнай асобы ў інтэнцыі ратавання ва ўлонні маці жыцця, якое знаходзіцца пад пагрозай. Сутнасць яго заключаецца ў штодзённай малітве на працягу дзевяці месяцаў. Распачынаецца гэтая малітва ва ўрачыстасць Звеставання Пана і заканчваецца ва ўрачыстасць Нараджэння Пана.

Складаецца яна са спецыяльнай малітвы ў інтэнцыі дзіцяці, імя якога ведае Бог, а таксама з адной з таямніц святога Ружанца і дабравольнага выканання якой-небудзь рэлігійнай практыкі. Да гэтай справы можа далучыцца кожны чалавек, які палічыць, што зможа выканаць прыняты абавязак.

У нарачанскай парафіі акцыя праводзіцца з 2006 года, і па традыцыі тыя асобы, якія бяруць на сябе абавязак духоўнага ўсынаўлення, выйшаўшы да алтара, разам прамаўляюць формулу абяцання і супольна чытаюць адпаведныя малітвы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця