Пошук

23.03.2020 12:17   Тэкст: Андрэй Юхнік / Фота: Павел Леановіч / Catholic.by

22 сакавіка біскуп Юзаф Станеўскі цэлебраваў у капліцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне святую Імшу за лекараў і ўсіх тых, хто змагаецца з распаўсюджваннем каранавірусу ў свеце.

Эўхарыстыя ў Чацвёртую нядзелю Вялікага посту адбывалася з удзелам семінарыстаў, якіх іерарх заахвоціў маліцца ў гэтай актуальнай інтэнцыі.

«Тыя, хто рыхтуецца быць лекарамі чалавечых душаў, павінны маліцца за лекараў чалавечых целаў. У гэтым праяўляецца адзінства і ўзаемападтрымка членаў паўсюднага Касцёла», — зазначыў біскуп Станеўскі на пачатку цэлебрацыі. Ён таксама нагадаў, што нядзеля, якая мае назву Lætare (лац. «радавацца»), — гэта асаблівы дзень радасці сярод перыяду пакаяння, прадчуванне трыумфальнага спеву «Аллелюя», які неўзабаве загучыць у касцёлах.

У прамоўленым Божым слове дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі падзяліўся з будучымі святарамі навіною, атрыманаю з Італіі — ачагу пандэміі каранавірусу ў Еўропе. Гэта было сведчанне маладога доктара, які знаходзіцца на першай лініі фронту барацьбы з пандэміяй. Лекар піша, што такога, што ён убачыў за апошнія тры тыдні, не бачыў за ўвесь час працы ў шпіталі: сотні заражаных людзей штодзённа паступалі ў цяжкім стане; многім з іх ужо немагчыма было дапамагчы. Шэсць дзён медык не выходзіў са шпіталя, нястомна несучы дапамогу церпячым.

«Яшчэ два тыдні таму я і мае калегі былі атэістамі, і так было прынята, бо як лекарам нам пастаянна казалі, што навука выключае існаванне Бога», — піша 38-гадовы доктар.

Змене поглядаў і стаўлення да веры ў маладых ахоўнікаў здароўя паспрыяў 75-гадовы святар, які паступіў пад іх апеку з цяжкасцямі дыхання.

«Усе мы былі стомленыя, разгубленыя, знясіленыя псіхічна і фізічна, але калі паспявалі знайсці вольную хвіліну, мы слухалі яго»,

— дзеліцца ўражаннямі лекар. Спецыялісты захапіліся вераю пажылога душпастыра, які, паміраючы, чытаў Святое Пісанне.

Пасля гэтага лекарам засталося прызнаць, што чалавецтва дасягнула сваіх межаў і пакуль што не можа зрабіць нічога, каб кожны дзень усё больш людзей не памірала. І доктар зрабіў выснову: «Мы зразумелі, што там, дзе чалавек нічога не можа зрабіць, нам патрэбны Бог, і пачалі прасіць у Яго дапамогі, калі ў нас толькі з’яўлялася вольная хвіліна».

Гэты прыклад яшчэ больш заахвоціў прысутных да малітвы за ўсіх лекараў і супрацоўнікаў службы аховы здароўя, якія штодзённа, не пакладаючы рук, змагаюцца з заразай каранавірусу.

Праводзячы паралель з евангельскім тэкстам Чацвёртай велікапоснай нядзелі пра аздараўленне сляпога ад нараджэння, біскуп Юзаф Станеўскі сказаў: «Хто б мог падумаць, што такі нязначны жэст, як памазанне вачэй граззю, можа аздаравіць вочы сляпога чалавека.

Але ж зразумела, што рэч не ў гразі, а ў веры чалавека, які без сумневаў даверыўся Пану Езусу».

На заканчэнне святой Імшы было прачытана Паведамленне біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.

«Несумненна, трэба кіравацца верай і з надзеяй прасіць Бога аб выбаўленні ад гэтага вірусу. Але ў Святым Пісанні ёсць таксама словы: „Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго“ (пар. Мц 4, 7). Таму ў гэты перыяд выпрабавання мы павінны адчуваць адказнасць як за сябе, так і за кожнага бліжняга», — пракаментаваў іерарх распараджэнне Гродзенскага ардынарыя.

Абноўлена 23.03.2020 13:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.