
Нядаўна ў серыі Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» выйшла кніга беларускага паэта Леаніда Дранько-Майсюка «…Усе бачылі нястачу віна…», прысвечаная ксяндзу Адаму Станкевічу.
Новая архіўна-дакументальная аповесць паэта багатая на мастацкія асэнсаванні. Гэта змястоўны твор пра ксяндза Адама Станкевіча, пра ягоную самаахвярную працу на карысць Беларусі, пра яго пакуты ў зняволенні…
Адам Станкевіч — рэлігійны мысляр, пісьменнік, палітык, гісторык, а перш за ўсё наш нацыянальны дзеяч, які марыў пра такую незалежную беларускую дзяржаву, якая адпавядала б узору заходнееўрапейскай дэмакратыі.
А яшчэ Адам Станкевіч бачыў найбольшую грамадскую карысць для бацькаўшчыны ў тым, каб народ трымаўся веры ў Бога і мог маліцца ў Касцёле на сваёй роднай мове.