Пошук

15.03.2020 16:46   Паводле: Bialoruski ruch chrzescijanski XX wieku : slown. biogr.-bibliogr. / Jerzy Garbinski, Jerzy Turonek / Пераклад: Анастасія Грышан / Catholic.by

Партал Catholic.by працягвае цыкл публікацый, прысвечаных святарам, якія адыгралі значную ролю ў справе евангелізацыі і гісторыі Касцёла на нашых землях. Сёння распавядаем пра ксяндза Адама Станкевіча, каталіцкага святара, рэлігійнага і палітычнага дзеяча, гісторыка, літаратуразнаўцу, публіцыста, выдаўца, які пісаў таксама пад псеўданімам А. Сакалінскі.

Адам Станкевіч нарадзіўся 24 снежня 1891 г. у Арлянятах Ашмянскага павету Віленскай губерні. Паходзіў з каталіцкай сялянскай сям’і, сын Вінцэнта і Антаніны з Дасюкевічаў. Вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе ў Барунах, школах у Гальшанах і Ашмянах. Скончыў школу ў 1910 г.

На фармаванне яго нацыянальнай свядомасці асабліва паўплывалі віленская «Наша Ніва» (у 1909 г. ён быў яе карэспандэнтам) і кантакты з выпускніком Пецярбургскай духоўнай акадэміі кс. Адамам Лісоўскім.

Пад уплывам і пры дапамозе апошняга Адам Станкевіч паступіў увосень 1910 г. у духоўную семінарыю ў Вільні, у якой арганізаваў асветніцкі «Беларускі гурток». Абуджаў сярод семінарыстаў пачуццё беларускай нацыянальнай свядомасці.

Увосень 1914 г. пачаў вучобу ў духоўнай акадэміі ў Петраградзе, якую скончыў вясной 1918 г. са ступенню кандыдата кананічнага права. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 28 снежня 1914 г. Быў членам акадэмічнага «Беларускага гуртка», потым яго кіраўніком.

Супрацоўнічаў з петраградскімі выданнямі «Светач» і «Дзянніца». У 1917 г. быў адным з заснавальнікаў беларускага Хрысціянска-дэмакратычнага аб’яднання. У маі таго ж года ўдзельнічаў у з’ездзе беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску, дзе выступіў з рэфератам аб беларускім нацыянальным руху і яго адносінах да рэлігійнага жыцця.

Ксяндзы-літаратары: Янка Быліна, Адам Станкевіч, Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч)

У ліпені ў Дзісненскім павеце паклаў пачатак прамаўленню казанняў на беларускай мове (яны прамаўляліся з Дзісне, Друі, Барадзенічах, Германавічах, Ідолце, Іказні, Мёрах, Пагосце, Шаркаўшчыне). Увосень 1918 г. быў прызначаны вікарыем парафіі ў Драгічыне над Бугам.

У жніўні 1919 г. вярнуўся ў Вільню. Распачаў шырокую рэлігійную і нацыянальную дзейнасць, арганізаваў душпастырства для беларусаў.

Удзельнічаў у дабрачынных арганізацыях, выкладаў рэлігію ў беларускай гімназіі, кіраваў дзейнасцю беларускага Хрысціянска-дэмакратычнага аб’яднання (з 1926 г. — Беларуская хрысціянская дэмакратыя).

З мэтай кансалідацыі нацыянальнага руху прычыніўся да выпрацоўкі новага статуту, які рабіў магчымым удзел у дзейнасці гэтай партыі як для католікаў, так і для праваслаўных. Супрацоўнічаў з выданнем БХД «Крыніца» (з 1925 г. — «Беларуская крыніца»). Быў дэпутатам сойму, членам Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні, адным з заснавальнікаў друкарні імя Францішка Скарыны (1926), натхняльнікам утварэння Беларускага студэнцкага саюза ва ўніверсітэце Стэфана Баторыя (1921), Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (1926) і іншых арганізацый. Уплываў на іх дзейнасць у духу хрысціянска-дэмакратычнай ідэалогіі.

Пасля забароны арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім удзелу святароў у працы БХД у канцы 1928 г. фармальна выйшаў з гэтай партыі, але застаўся яе ідэйным апекуном і кансультантам.

Адначасова развіваў навуковую і публіцыстычную дзейнасць.

У 1925–1944 гг. апрацаваў і выдаў 20 кніг і брашур, прысвечаных гісторыі беларускага нацыянальнага і каталіцкага руху, а таксама асобным пытанням літаратуры і культуры. Пераклаў на беларускую мове Евангелле і літургічныя тэксты, выдаў малітоўнік для моладзі.

У 1928–1938 гг. быў рэдактарам і выдаўцом часопіса «Хрысціянская думка», супрацоўнічаў з часопісамі «Шлях моладзі» (1929–1939), «Калоссе» (1935–1939) і іншымі, дзе змяшчаў шматлікія артыкулы. Кіраваў дзейнасцю Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні (1928–1938), выступаў з лекцыямі на сходах беларускіх грамадска-культурных арганізацый.

У лістападзе 1938 г. рашэннем польскіх адміністрацыйных уладаў быў высланы з Вільні ў Слонім. У кастрычніку 1939 г. вярнуўся ў Вільню. Удзельнічаў ва ўтварэнні беларускай прагімназіі (быў яе дырэктарам) і школы. Узнавіў выданне «Крыніцы». Быў старшынёй Беларускага цэнтра ў Літве (1940), працаваў у Савеце Беларускага Чырвонага Крыжа (1940).

Фота: novychas.by

У гады нямецкай акупацыі абмежаваўся душпастырскай дзейнасцю. У снежні 1944 г. быў арыштаваны савецкімі ўладамі, але вызвалены. Разлічваючы на магчымасць адаптацыі Каталіцкага Касцёла да савецкіх умоваў і яго беларусізацыю, апрацаваў некалькі матэрыялаў для ўраду СССР.

У красавіку 1949 г. быў зноў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў лагераў.

21 лістапада 1949 г. прыбыў хворы ў лагер у Тайшэце ў Сібіры, дзе 29 лістапада (паводле іншых крыніц – 4 снежня 1949 г.) памёр.

У 2003 годзе ў выдавецтве Pro Christo выйшла кніга Уладзіміра Конана «Ксёндз Адам Станкевіч і каталіцкае адраджэнне ў Беларусі».

У манаграфіі даследуецца жыццёвы шлях, душпастырская дзейнасць, навуковая, багаслоўская, літаратурна-публіцыстычная, грамадска-палітычная і выдавецкая дзейнасць ксяндза Адама Станкевіча ў кантэксце беларускага каталіцкага адраджэння першай паловы ХХ ст.

Раскрываецца багацце хрысціянскіх і нацыянальна-адраджэнскіх ідэй і канцэпцый, абгрунтаваных у манаграфіях, шматлікіх артыкулах і нарысах, перыядычных выданнях.

Упершыню аналізуюцца архіўныя матэрыялы, запіскі Адама Станкевіча, у якіх асвятляюцца тэарэтычныя, тэалагічныя і палітычныя аспекты адраджэння беларускага Касцёла.

Ксяндзу Адаму Станкевічу прысвечана нямала кніг і публікацый. На падставе жыцця святара зняты фільм «Адам Станкевіч — чалавек, які перамог Мефістофеля».

Абноўлена 15.03.2020 23:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця