13 сакавіка, у сёмую гадавіну абрання Папы Францішка на пасад святога Пятра, яго прадстаўнік у нашай краіне Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь ксёндз Махэр Шаммас узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены.
Вітаючы высокага госця на пачатку святой Імшы, пробашч парафіі ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк адзначыў, што ўдзел прадстаўніка Папы Францішка ў Эўхарыстыі з’яўляецца выразным знакам еднасці Касцёла на Беларусі з бачным галавою паўсюднага Касцёла, Папам. Разам з ксяндзом Махэрам Шаммасам Эўхарыстыю ў інтэнцыі Святога Айца цэлебравалі Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў айцец архімандрыт Сяргей Гаек і святары рыма- і грэка-каталіцкага абрадаў.
Цэлебруючы святую Імшу на добрай беларускай мове, прадстаўнік Папы ў нашай краіне паказаў, з якою сапраўды апостальскаю павагаю ставіцца ён да вернікаў мясцовага Касцёла.
На пачатку гаміліі ён папрасіў прабачэння за тое, што пакуль яшчэ не можа прамовіць Божае слова па-беларуску, таму скарыстаўся паслугай перакладчыка.
Перадусім ксёндз Махэр Шаммас нагадаў, што Папа Францішак заўсёды просіць вернікаў маліцца за яго. Гадавіна абрання яго біскупам Рыма і кіраўніком усяго паўсюднага Касцёла — гэта асабліва важная нагода для такой малітвы, адзначыў святар.
У гаміліі ён засяродзіўся на пакліканні да святасці і растлумачыў, якім чынам яго можна рэалізаваць у жыцці. Ксёндз Махэр Шаммас звярнуў увагу на тое, што святасць дасягаецца не тым, што чалавек сам намагаецца зрабіць. Святасць перадусім залежыць ад здольнасці даць у жыцці месца Езусу і Яго збаўчай любові. Менавіта Яго бязмежная любоў дае магчымасць вызваліцца ад усялякага зла і адкрыць сэрца для Бога і для бліжніх.
«Калі хтосьці мае такую любоў, няхай радуецца і дзякуе за гэта Богу. Калі ж яшчэ не мае — няхай у малітве просіць Езуса аб гэтай ласцы, неабходнай для дасягнення святасці ў штодзённым жыцці», — падкрэсліў прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне.
Па паходжанні ліванец, ксёндз Махэр Шаммас з усмешкаю адзначыў, што першага суайчынніка на беларускай зямлі сустрэў менавіта ў Чырвоным касцёле. На алтары святыні знаходзяцца рэліквіі святога Шарбэля Маклуфа, ліванскага манаха, чыё заступніцтва перад Богам мае вялікую моц.
Тое, з якою пашанаю беларускія вернікі ставяцца да святога Шарбэля, яшчэ больш збліжае прадстаўніка Папы з католікамі нашай краіны і падкрэслівае адзінства ў разнастайнасці паўсюднага Касцёла ва ўсім свеце, аб’яднанага пад адным бачным галавою — біскупам Вечнага горада Рыма.