1 сакавіка, у першую нядзелю Вялікага посту, ва ўсіх касцёлах Беларусі вернікі прасілі Бога аб прабачэнні за абразу Яго імя і за грахі нашага народа, якія былі ўчынены раней і здзяйсняюцца цяпер. Такім чынам Першая нядзеля Вялікага посту для беларускіх католікаў па ініцыятыве мясцовага епіскапату стала днём агульнанацыянальнага пакаяння.
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў гэтай інтэнцыі і пакаяннае набажэнства ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі. Падчас Імшы яе ўдзельнікі таксама маліліся аб тым, каб Бог захаваў нашу краіну ад эпідэміі каранавірусу.
У прамоўленым Божым слове Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі звярнуўся да імшальных чытанняў, якія закранаюць заўсёды актуальную праблему спакусы.
Разважаючы над урыўкам з Евангелля паводле Мацвея, у якім ідзе гаворка пра спакушэнне Езуса ў пустыні, іерарх заклікаў вернікаў наследаваць прыклад Хрыста ў тым, каб ніколі не весці дыялогу і не шукаць кампрамісу са злым духам. Менавіта гэта становіцца прычынай знявагі Бога, што нярэдка здаралася ў нашай гісторыі і, на вялікі жаль, здараецца і сёння.
Пасля Імшы перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам была прачытана літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і малітва перапрашэння за грахі народа. Таксама спявалася Суплікацыя з просьбамі, каб Бог абараніў нас ад усялякага зла — ад пажару, голаду, вайны і заразы.
Завяршылася набажэнства благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам.