«Бог глядзіць на мяне, а я — на Яго» — гэтымі простымі словамі можна акрэсліць тэму лютаўска-сакавіцкага нумара часопіса «Ave Maria»: кантэмпляцыя, малітва сузірання.
Як слушна заўважае ў «Слове рэдактара» Крыстына Лялько, узгадваючы словы святых, мысляроў, пісьменнікаў, кантэмпляцыя — важны спосаб хрысціянскай малітвы, варты асаблівай увагі ў час Вялікага посту, калі мы засяроджваемся на Крыжы Збаўцы.
У інтэрв’ю Кацярыны Дурко з ксяндзом Раманам Сушам святар распавядае пра гісторыю, тэалагічную аснову і традыцыю кантэмпляцыйнай малітвы, а таксама дае парады, якія дапамогуць далучыцца да гэтай старажытнай практыкі.
Дапамогаю ў гэтым стануць таксама малітвы містыкаў Касцёла, змешчаныя на вокладцы новага нумара часопіса «Ave Maria».
Кантэмпляцыя — глыбокае асабістае перажыванне. Сведчаннем аб сваім досведзе кантэмпляцыі ў гэтым нумары часопіса дзеляцца Ірына Жарнасек, Данута Бічэль і Арцём Ткачук. Аб практыцы кантэмпляцыі ў традыцыі кармэлітаў распавядае пастаянны аўтар часопіса, манах кармэліт а. Юрый Кулай OCD у традыцыйнай рубрыцы «Школа малітвы».
У рубрыках «Споведзь» і «Старонка псіхолага» прадстаўлены грунтоўныя матэрыялы, прысвечаныя годнаму вызнанняю грахоў і хрысціянскай медытацыі на тэму мацярынскай любові.
Чытачам прапануюцца таксама ўрыўкі з «Дзённіка маці Яўгеніі Равазіо», італьянскай містычкі, што жыла ў першай палове ХХ ст. і мела досвед двух аб’яўленняў, дадзеных Богам Айцом, прызнаных Касцёлам пасля 10-ці гадоў дасканалага даследавання.
У Касцёле аб’яўлены Пастырскі год, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Яна Паўла ІІ, і з нагоды гэтага ў кожным нумары часопіса «Ave Maria» плануецца дзяліцца з чытачамі думкамі гэтага святога, нашага сучасніка.
У гэтым нумары змешчаны яго разважанні аб таямніцы крыжа.
Набажэнству Крыжовага шляху прысвечаны матэрыял сталага аўтара часопіса — кс. Андрэя Рылкі.
Супрацоўнікі рэдакцыі часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера», а таксама выдавецтва Pro Christo сардэчна віншуюць свайго былога кансультанта і цяперашняга старшыню Рады па сродках масавай камунікацыі біскупа Юрыя Касабуцкага з 50-годдзем і змяшчаюць у гэтым нумары вялікае інтэрв’ю з юбілярам.
Набыць часопіс можна:
- у кнігарні «Духоўная кніга» (старонка ў фэйсбуку>>>)
г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб.: 11.00-17.00); - у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл.: +375 (17) 356 17 50