Пошук

15.02.2020 11:29   Тэкст: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

15 лютага свой 50-гадовы юбілей адзначае біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які ў беларускім каталіцкім епіскапаце адказвае за справы духавенства і сродкі масавай камунікацыі.

Дзень нараджэння іерарха — нагода бліжэй пазнаёміцца з ім, даведацца пра тое, якім чынам Бог вёў яго на працягу паўстагоддзя ягонага жыцця.

Фота Віталія Палінеўскага / jan.by

— Ваша Эксцэленцыя, распавядзіце, калі ласка, пра Ваша дзяцінства, пра сям’ю, бацькоў.

— Я паходжу з даволі звычайнай сям’і. Тата, Казімір, працаваў электрыкам, мама, Уладзіслава, усё жыццё была тэлеграфістам у раённым аддзеле сувязі ў Маладзечне. Я нарадзіўся ў Маладзечне, як і мая старэйшая сястра Алена.

У нас была вельмі добрая сямейная атмасфера, напоўненая любоўю.

Бацькі былі рэлігійнымі людзьмі. У сям’і мы адзначалі касцёльныя святы, ездзілі ў касцёл у Краснае, бо ў Маладзечне святыні не было. Таму касцёл майго дзяцінства — гэта Уша, Краснае. ...Калі была магчымасць, то ехалі на Імшу. Гэтаму трэба было прысвяціць амаль увесь дзень: раніцай на электрычцы выязджалі, а вярталіся ўжо ў другой палове дня.

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Я вучыўся ў 8-й школе горада Маладзечна, якая знаходзілася побач з домам: «падарожжа» ад дома да школы займала прыкладна паўтары хвіліны.

— І ўжо ў школе Вы пачалі задумвацца, каб стаць святаром?

— Так, былі такія думкі. А пасля заканчэння школы я апынуўся на раздарожжы. Чым заняцца? У мяне было некалькі розных думак адносна будучай прафесіі. Адной з іх была і думка пра семінарыю, пра тое, каб стаць святаром. Але адразу пасля школы, у тыя гады гэта было яшчэ вельмі складана.

Я падзяліўся гэтай думкай з маім пробашчам Эдмундам Даўгіловічам-Навіцкім, на што той адказаў:

«Вельмі добра. Схадзі спачатку ў войска, а потым паедзеш у семінарыю ў Рыгу». Сапраўды, да арміі гэта тады было немагчыма…

Фота Ганны Няфёдавай / bel.sputnik.by

— Думка пра святарства з’явілася пад уплывам святароў, якіх Вы сустрэлі ў дзяцінстве?

— Калі я быў малы, мяне старэйшыя часам страшылі ксяндзом: «Сядзі ў касцёле ціха, а то ксёндз будзе сварыцца», маючы на ўвазе ксяндза Яна Адамовіча.

А калі з’явіўся ксёндз Эдмунд, ён сам падыходзіў да дзяцей, да маладых людзей, пытаўся: «Хто ты? адкуль?» Можа, мне цяжка было б самому пачаць размаўляць са святаром, але калі ён сам першы звяртаўся, то гэты бар’ер знікаў. З ім не баяліся паразмаўляць, ён ніколі нікога не адштурхнуў і такімі адносінамі многіх прывёў у Касцёл.

Ксёндз Эдмунд стаў такім прыкладам святара, дзякуючы якому ў мяне ўзніклі думкі пра семінарыю.

І, думаю, не для мяне аднаго. У той час з Маладзечна былі яшчэ пакліканні: браты Сяргей і Юрый Бараўнёвы, Уладзіслаў Шышла, Уладзіслаў Лазар і нават у нейкай ступені Павел Халяўкін, які прыязджаў у Маладзечна да цёткі, вельмі пабожнай жанчыны, з якой разам хадзіў у касцёл. Ксёндз Эдмунд адыграў вялікую ролю ў нашым пакліканні. І мне ён таксама шмат дапамог, падтрымаў мяне, паказаў, як выглядае святарскае жыццё.

Неяк у нядзелю ён узяў нас з Сяргеем Бараўнёвым, і мы разам з ім паехалі па парафіях, якія ксёндз Эдмунд тады абслугоўваў. Пяць Імшаў у розных месцах — больш ужо не атрымлівалася, бо людзей яшчэ трэба было паспавядаць. З-за затрымак мы спазняліся, і ў Маладзечна, дзе была апошняя Імша ў клубе чыгуначнікаў, мы маглі прыехаць на гадзіну-паўтары пазней. Але людзі не разыходзіліся і цярпліва чакалі, спявалі, маліліся. Таму і мы вывучылі на памяць шмат малітваў і касцёльных песень. Вядома, былі зусім іншыя часы…

Фота Валянціны Міхайлоўскай

Калі мы так з ім паездзілі, паглядзелі, ксёндз Эдмунд пытаецца: «Ну як, не расчараваліся?» Не, не расчараваліся!

— Войска Вас загартавала?

— У пэўным сэнсе, так. Я служыў у Ленінградзе, у войсках супрацьпаветранай абароны, а калі вярнуўся, у дзяржаве ўжо поўным ходам ішлі перамены: адбывалася перабудова. Адкрылася Гродзенская семінарыя, і я адразу з войска паступіў у семінарыю.

Канчаткова гэтае рашэнне даспела ў войску.

Са мной служыў яшчэ адзін хлопец з Петразаводска, праваслаўны; яго дзед быў бацюшкам. Неяк мы з ім так сышліся.

Аднойчы на Вялікдзень, які ў той год супадаў у католікаў і праваслаўных, наш зампаліт, які праводзіў з намі заняткі на камуністычныя, атэістычныя тэмы, паклікаў нас да сябе. Мы прыйшлі, а ён нам кажа: «Я вам даю звальненне. У вас Пасха — вы ведаеце, куды схадзіць». А потым цішком дадаў: «І за мяне памаліцеся».

Па-праўдзе кажучы, куды нам разам пайсці мы так занадта і не ведалі. Звальненне было адно на дваіх, і мы павінны былі паўсюль быць разам. Чулі аднекуль, што ёсць на Неўскім такі Казанскі сабор, але што там музей атэізму, мы ж не ведалі. Зайшлі мы туды ў форме, салдатам квіткі непатрэбныя, сталі перад нейкімі мазаікамі, перажагналіся. Як на нас там усе глядзелі!..

Фота Аляксандры Шчыглінскай

— А ў семінарыі было лягчэй, чым у войску?

— Думаю, не цяжэй. Калі я туды паступіў, гэта быў першы год, калі семінарыі перадалі ўжо ўвесь будынак. Там ішла перабудова, рамонт, каб прыстасаваць будынак да патрэб семінарыі. Таму мы, семінарысты, вельмі шмат фізічна працавалі разам з будаўнікамі і людзьмі, якія дабравольна прыходзілі дапамагаць. Гэта не перашкаджала навучанню: мы мелі дастаткова часу на тое, каб вучыцца.

У семінарыі мне наогул падабалася.

Пасля войска я не бачыў вялікай праблемы ў патрабаваннях дысцыпліны, хоць і не быў самым дысцыплінаваным семінарыстам [усміхаецца].

Мне падабалася штодзённая Імша, рэгулярная малітва, і ўсё было вельмі цікава. Сёння, калі юнак прыходзіць у семінарыю, ён ужо шмат ведае з катэхезы. А мая катэхеза — гэта тое, што мне распавядала бабуля, і ў семінарыі я даведаўся шмат новага для сябе. Жыццё там было зусім іншым, і мне гэтае жыццё падабалася; я адчуваў, што гэта — маё.

— Якія былі Вашы першыя крокі ў святарстве?

— Пасля пасвячэння я год працаваў вікарыем у Магілёве, дзе быў на практыцы пасля першага курсу семінарыі. Першы асабісты досвед святарскага служэння ў Магілёве быў вельмі цікавым. Тады на Магілёўшчыне ішло адраджэнне Касцёла, трэба было шмат ездзіць, збіраць сродкі… Працы там было нямала.

Фота Міхаіла Куляша

Пасля Магілёва я атрымаў прызначэнне ў Вілейку. З гэтай парафіяй у мяне звязаныя вельмі прыемныя ўспаміны: гэта проста цудоўныя людзі. Для мяне яны сталі ўзорам парафіі.

Там я як святар адчуваў, што працую для людзей, з якімі можна разам шмат чаго зрабіць.

Я жыў у невялічкім пакоі над сакрыстыяй, і мы толькі рабілі нейкія захады, каб пачаць будаваць плябанію. Затое людзі ведалі, што можна прыйсці ў касцёл, і там заўсёды ёсць ксёндз. Але гэта працягвалася толькі некалькі гадоў, пасля чаго кардынал [Казімір Свёнтэк — М.Г.] вырашыў скіраваць мяне на далейшую вучобу, і я паехаў вучыцца ў Люблін.

— І потым зноў вярнуліся ў семінарыю?

— Так, потым быў прэфектам у новастворанай семінарыі ў Пінску. Для мяне гэта было складана, я не бачыў сябе ў гэтай якасці. Прэфект — гэта той, хто ў семінарыі адказвае за дысцыпліну. А я ўжо казаў, што не быў самым дысцыплінаваным семінарыстам, і ў Гродне прэфект не раз павінен быў рабіць мне заўвагі.

Калі кардынал сказаў: «Пойдзеш у семінарыю, будзеш прэфектам», я яму адказаў, што не бачу сябе ў гэтай ролі. Тады ён падвёў мяне да люстэрка ў сваёй хатцы ў Пінску, паставіў мяне перад ім і кажа: «Глядзі: вось ён, прэфект». Вядома, гэта паўжартам, бо ён не хацеў прымушаць, а чакаў, каб я сам згадзіўся.

Фота Віталія Палінеўскага

…Нялёгка гэта мне давалася: і выкладанне, і адказнасць за дысцыпліну. Але Бог хацеў, каб я праз гэта прайшоў. Гэты этап быў патрэбны, каб я чамусьці навучыўся, набыў гэты досвед.

Менавіта з гэтым перыядам звязаны яшчэ адзін цяжкі досвед. 25 студзеня 2002 года я трапіў у аварыю. Каля года я правёў у розных шпіталях, і вярнуўся ў семінарыю ўжо з зусім іншымі думкамі і іншым настроем. Да гэтага моманту я толькі ўсведамляў, што ўсё адбываецца з волі Божай, а цяпер пачаў адчуваць Божы Провід.

Пасля аварыі я стаў па-іншаму глядзець на гэтыя справы: Бог так хоча, значыць так будзе.

Таму калі кардынал прапанаваў новае месца служэння, я ўжо ўнутрана асабліва не вагаўся і згадзіўся.

Фота Паўла Хадзінскага

— І тады Вы трапілі ў Мінск?

— Так, я стаў дырэктарам сакратарыяту епіскапату [Пастырскі цэнтр пры ККББ — М.Г.], а праз год стаў канцлерам [курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — М.Г.].

Праз год я атрымаў дэкрэт на Залатую Горку [парафія Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску — М.Г.]. Так распачаўся, як я кажу, «залаты» час майго святарскага жыцця. Душпастырская праца ў парафіі мне вельмі падабалася, я люблю працаваць з людзьмі. І было вельмі складана прыняць волю Божую, што мяне забіраюць з Залатой Горкі, каб зрабіць біскупам. Я яшчэ пажартаваў: «А можна, я застануся на Залатой Горцы?..»

Але жыццё біскупа — зусім іншае. Я пачаў па-іншаму глядзець на многія рэчы, як і пасля аварыі.

Дарэчы, маё біскупскае пасвячэнне было ў свята Навяртання святога апостала Паўла, 25 студзеня — у той самы дзень, што і аварыя, у якой я цудам застаўся жывы. Таму сёлета ў шостую гадавіну біскупства я адзначыў таксама сваё «другое паўналецце» — 18 гадоў пасля аварыі.

Поўную версію вялікага інтэрв’ю з біскупам Юрыем Касабуцкім чытайце ў часопісе «Ave Maria», № 2–3 за 2020 год.

Фота Аляксандры Шчыглінскай

***

Дырэктар парталу Catholic.by ксёндз Аляксандр Улас ад імя супрацоўнікаў рэдакцыі выказвае шчырыя віншаванні біскупу Юрыю Касабуцкаму і жадае, каб Божы Провід гэтак жа цудоўна кіраваў ім і ў наступныя 50 гадоў на карысць народу Божаму і на хвалу Богу, якому ён прысвяціў сваё жыццё.

З юбілеем, Ваша Эксцэленцыя! Доўгіх і святых гадоў жыцця!

Абноўлена 26.02.2020 15:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.