Пошук

10.02.2020 11:50   Тэкст: Павел Кухарчук / Фота: Мікалай Лаўрэнцік / Catholic.by

9 лютага, у V звычайную нядзелю, супольнасць літургічнай службы алтара ў пінскай катэдральнай парафіі павялічылася на 10 чалавек, якія падчас святой Імшы былі прыняты ў шэраг міністрантаў.

Хлопцы прайшлі адпаведную падрыхтоўку ў якасці кандыдатаў, выдатна здаўшы тэарэтычны і практычны экзамен. Таксама яны выказалі жаданне стаць міністрантамі, каб яшчэ лепей служыць на хвалу Божую пры алтары і ў штодзённым жыцці.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў пробашч катэдральнай парафіі кс. Павел Врубель, які далучыў іх да супольнасці міністрантаў. У гамілііі між іншым прагучалі словы ў адрас міністрантаў.

Ксёндз Павел зазначыў, што міністрант – сябра Езуса Хрыста, падкрэсліў вялікае значэнне адказнага падыходу да давераных абавязкаў і заклікаў быць сведкамі Хрыста не толькі ў касцёле падчас Імшы, але і ў штодзённасці.

Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі шматлікія вернікі, а таксама бацькі і родныя новых міністрантаў. Гэта была вельмі важная і доўгачаканая падзея не толькі для саміх хлопцаў, але і для іх родных і ўсёй парафіяльнай супольнасці.

На заканчэнне Імшы пробашч павіншаваў новых міністрантаў і ўручыў ім пасведчанне прыняцця ў супольнасць літургічнай службы алтара. Таксама ён падзякаваў кс. Янушу Чарнамораву за добрую падрыхтоўку кандыдатаў.

Новыя міністранты і іх бацькі са свайго боку выказалі святарам словы ўдзячнасці.

Пасля Эўхарыстыі святкаванне працягнулася за салодкім сталом у парафіяльным доме.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця