На гэтым тыдні ў Мінску адбудуцца дзве важныя сустрэчы, прысвечаныя падрыхтоўцы сёлетняга Будслаўскага фэсту і арганізацыі пешай пілігрымкі Мінск – Будслаў.
Як паведаміў Catholic.by прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ксёндз канонік Юрый Санько, 5 лютага ў Мінску пад кіраўніцтвам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча адбудзецца першае пасяджэнне арганізацыйнага камітэту па правядзенні ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай 2020 года.
«На сераду прызначана першая сустрэча аргкамітэту. Будслаўскі фэст — гэта грандыёзнае мерапрыемства, якое патрабуе ўсебаковай падрыхтоўкі. Адзін чалавек не можа пры гэтым адказваць за ўсё, таму адказнасць размеркавана сярод групы дасведчаных святароў.
На сустрэчы будуць абмеркаваныя тэма і дэвіз сёлетняга фэсту, а таксама праграма, якую павінен прадставіць будслаўскі пробашч ксёндз Дзмітрый Дубовік.
Наш арцыбіскуп вельмі сур’ёзна адносіцца да пытанняў падрыхтоўкі, таму што ўрачыстасць у Будславе — гэта не толькі падзея нацыянальнага маштабу для Касцёла на Беларусі, але і прызнаная ЮНЕСКА частка нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва, якую мы павінны захаваць і перадаць наступным пакаленням», — падкрэсліў святар.
Пра планы на будучы фэст мы запыталіся і ў пробашча парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе ксяндза Дзмітрыя Дубовіка.
«Для мяне гэта будзе ўжо другі фэст у якасці будслаўскага пробашча. У мінулым годзе было некалькі, як кажуць, „накладак“, якія немагчыма было прадбачыць, і сёлета трэба пастарацца максімальна ўсё прадугледзець.
Пазнаёміць з планамі на фэст змагу ўжо пасля пасяджэння аргкамітэту ў Мінску. Пакуль магу сказаць толькі тое, што тэма сёлетніх урачыстасцяў у Будславе будзе перагукацца з тэмай Пастырскага года ў Касцёле на Беларусі».
На пытанне пра тое, чаму так рана распачынаецца падрыхтоўка, ксёндз Дзмітрый здзіўляецца:
«Рана распачынаецца? Насамрэч яна ў Будславе ніколі і не спыняецца.
Нацыянальны санктуарый — гэта не толькі месца, куды прыязджаюць тысячы пілігрымаў і дзе праходзіць наш славуты фэст. Тут ёсць парафія, жывуць людзі, мясцовыя вернікі, адбываецца звычайнае парафіяльнае душпастырства. У будслаўскага пробашча, як і ў кожнага іншага, хапае штодзённых абавязкаў. Распачнецца Вялікі пост, і на падрыхтоўку да фэсту часу застанецца зусім няшмат. А пасля Вялікадня мы ўжо тут лічым дні…»
Таксама і ксяндзы хрыстусоўцы са сталічнай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ, якія ў гэтым годзе ўпершыню з’яўляюцца адказнымі за пешую пілігрымку Мінск – Будслаў, лічаць, што ўжо варта пачынаць рыхтавацца. Маючы багаты вопыт у падрыхтоўцы падобных мерапрыемстваў, сёлетнія арганізатары з усёй адказнасцю падыходзяць да даручанай ім справы.
Каб пяцідзённая пешая пілігрымка, якую ксяндзы хрыстусоўцы павядуць з Мінска ў Будслаў, стала для ўсіх яе ўдзельнікаў непаўторнай духоўнай прыгодай з Езусам і Марыяй і прынесла шчодры плён Божай ласкі, яе арганізатары запрашаюць усіх зацікаўленых далучацца да падрыхтоўкі.
З гэтай мэтай у пятніцу 7 лютага адбудзецца сход, на які адказныя за пілігрымку запрашаюць усіх патэнцыяльных пілігрымаў — як дасведчаных, так і пачаткоўцаў.
Калі аргкамітэт фэсту збіраецца ў абмежаваным складзе адказных святароў, то прычыніцца да падрыхтоўкі пешай пілігрымкі можа кожны жадаючы.
Усіх, хто мае прапановы, заўвагі, ініцыятывы або жадае падзяліцца сваім досведам, арганізатары запрашаюць у мінскі катэдральны касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі на агульны сход, які адбудзецца 7 лютага пасля святой Імшы на 18.30.