Пошук

31.01.2020 14:15   Catholic.by

Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на свята Ахвяравання Пана 2020 года

Шаноўныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы! Умілаваныя ў Хрысце Пану сёстры i браты!

1. Традыцыйна 2 лютага, праз сорак дзён пасля Нараджэння Езуса Хрыста, Каталіцкі Касцёл адзначае свята Ахвяравання Пана. Яно завяршае перыяд, звязаны са святкаваннем Божага Нараджэння. Гэта дзень, калі Марыя і Юзаф прынеслі Дзіця Езуса ў святыню, каб ахвяраваць Яго Богу згодна з прадпісаннем юдэйскага Закону, якое сваімі каранямі сягае зыходу выбранага народа з Егіпта. У ноч Пасхі, перад тым, як выбраны народ выходзіць з «дома няволі», Бог спасылае пакаранне на егіпцянаў, і ў іх памірае кожны першародны сярод людзей і сярод жывёл у кожнай сям’і, аднак габрэйскія сем’і, у дамах якіх вушакі дзвярэй былі акропленыя крывёй пасхальнага ягняці, былі захаваныя ад гэтага няшчасця. Згодна з Божым наказам, праз вякі і да сённяшняга дня кожнага першынца ахвяравалі і ахвяруюць Богу як Яго асабістую ўласнасць на ўспамін аб гэтай падзеі.

У традыцыі Каталіцкага Касцёла на Беларусі і многіх іншых краін свята Ахвяравання Пана мае яшчэ адну назву — «Маці Божай Грамнічнай». Гэта звязана са словамі старца Сімяона, які ўзяў дзіця на рукі і сказаў пра Яго: «Святло для асвятлення язычнікаў…» (Лк 2, 32а). Марыя з’яўляецца той асобай, якая прынесла гэтае святло. Таму вернікі ў гэты дзень прыходзяць у святыню са свечкамі — сімвалам святла. Існуе перакананне, што Марыя аберагае вернікаў ад маланак, навальніц і пажараў, і таму грамнічныя свечкі вернікі ставяць на вокнах падчас буры.

Свята Ахвяравання Пана лічыцца адным з найстарэйшых каталіцкіх святаў нароўні з Пасхай і Божым Нараджэннем. Першыя пісьмовыя ўспаміны пра яго адносяцца да IV стагоддзя, і ўжо тады гэтае свята адзначалі са свечкамі. Нярэдка святкаванню нават папярэднічаў пост.

Святы Ян Павел II, стагоддзе з дня нараджэння якога мы асаблівым чынам адзначаем у гэтым годзе ў Касцёле на Беларусі, у свята Ахвяравання Пана ўсталяваў дзень кансэкраванага жыцця.

Сёння мы дзякуем Богу за тых, хто, паабяцаўшы захоўваць тры евангельскія парады — чыстасць, убоства і паслухмянасць, — суправаджае нас на шляху веры і паклікання, якія атрымаў кожны з нас.

Сваім жыццём кансэкраваныя асобы ўказваюць на абяцанне вечнасці, да якой усе мы накіроўваемся. Святы Ян Павел II нагадвае нам, што дзякуючы кансэкраванаму жыццю характэрныя якасці Езуса — чыстасць, убоства і паслухмянасць — становяцца бачнымі ў свеце, а позірк вернікаў скіроўваецца на таямніцу Божага Валадарства, якая ўжо прысутнічае ў гісторыі, аднак цалкам будзе рэалізавана ў небе (пар. VC 1).

2. Сёння варта асаблівым чынам паразважаць над фрагментам святога Евангелля паводле Лукі, у якім апісваецца вышэйзгаданая падзея. У гэтай падзеі немагчыма абмінуць асобу старца Сімяона, які звяртае ўвагу на надзвычай важную для кожнага чалавека справу. Сімяон пазнае Езуса Хрыста, якога Марыя і Юзаф прыносяць у святыню, каб ахвяраваць Богу. Адкуль у Сімяона такія веды? Ні Марыя, ані Юзаф яму пра гэта не казалі. Абмежаваная колькасць асобаў ведае таямніцу гэтага Дзіцяці, аднак Сімяон дакладна ведае, што гэта той, каго прадказвалі прарокі і каго чакалі вякамі. Дзе крыецца таямніца гэтага старца? А таямніца заключаецца ў тым, што «Дух Святы спачываў на ім. Адкрыў яму Дух Святы, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана» (Лк 2, 25– 26).

Ці не выклікае гэта здзіўлення? Таямніца Святой Тройцы будзе аб’яўлена пазней, а старац Сімяон ужо ведае пра Духа Святога і жыве Яго натхненнямі. Крыніца такіх ведаў простая: «Быў гэта чалавек праведны і пабожны» (Лк 2, 25). Менавіта такое жыццё, праведнае і пабожнае, схіляе Бога напоўніць Сімяона Святым Духам. Дух Святы ім кіруе, а Сімяон уважліва слухае, распазнае Яго натхненні і ідзе за імі. Праведным і пабожным жыццём Сімяон здабывае прыхільнасць Бога, і Усемагутны адорвае старца надзвычайнай ласкай, якую мы можам назваць ласкай «Божай сімпатыі». Дух Святы адкрывае Сімяону, што ён не адыдзе з гэтага свету, пакуль не ўбачыць Месію Збаўцу, і менавіта таму пры сустрэчы з Марыяй і Юзафам, якія на руках трымалі Езуса, з глыбіні сэрца Сімяона льюцца словы:

«Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, у спакоі; бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў: святло для асвятлення язычнікаў і хвалу народа Твайго Ізраэля» (Лк 2, 29–32).

3. Узлюбленыя браты і сёстры. Асоба старца Сімяона адкрывае нам прыгожую праўду адносінаў чалавека з Богам і дарогу, якая вядзе да такіх глыбокіх адносінаў: праведнае і пабожнае жыццё. Будаваць такія адносіны з Богам запрошаны кожны чалавек. Як гэта проста гучыць, і як складана бывае выканаць гэта ў жыцці!

Як у часы старца Сімяона, так і сёння Бог дзейнічае падобным чынам. Змяняюцца людзі, а Бог той самы; змяняецца падыход людзей да справаў Божых, а Бог дзейнічае па тых самых прынцыпах; змяняецца свет і імкліва развіваюцца тэхналогіі, абяцаючы чалавеку неабмежаваныя магчымасці і стан падманлівага шчасця, і адначасова ў таямніцы свайго ўнутранага свету кожны чалавек часта перажывае вялікую самотнасць і прагне Бога, хоць часам і сам гэтага не разумее. Няўжо так цяжка адкрыць свой унутраны свет з дапамогаю праведнасці і пабожнасці, каб быць напоўненым Богам так, як зрабіў гэта старац Сімяон?

Рэчаіснасць сучаснага свету паказвае, што многім гэта цяжка зрабіць. Да сённяшняга дня вялікая колькасць людзей і нават тых, хто завецца хрысціянамі, не жадаюць, не ўмеюць, не імкнуцца ўваходзіць у глыбокія адносіны з Богам, а абмяжоўваюцца толькі павярхоўнымі практыкамі і з-за гэтага пазбаўлены кіраўніцтва Святога Духа і не пазнаюць часу свайго наведвання.

4. Аднак і ў гэтым свеце з яго тэхналогіямі і прагрэсам знаходзяцца маладыя людзі, якія не заглушылі ў сабе голас ідэалу і адважваюцца на рашучыя і радыкальныя крокі, поўныя глыбокай адданасці Богу. Сваімі рашэннямі яны здзіўляюць родных, знаёмых, настаўнікаў, выкладчыкаў універсітэтаў, якія бачаць у іх перспектыўных людзей гэтага свету, а яны, на расчараванне многім, выбіраюць таямнічы і не ўсім зразумелы шлях манаства, каб так, як старац Сімяон, ідучы за голасам Духа Святога, мэтанакіравана весці глыбокае, скрытае ад свету духоўнае жыццё.

Чаму яны на гэта адважваюцца? Адказ вельмі просты. Адчулі, пазналі, захапіліся і пайшлі за далікатным і настойлівым голасам любячага Бога, каб здабыць найбольшую ўзнагароду — жыццё вечнае.

Менавіта гэтыя людзі робяць бачнай у свеце прысутнасць нябачнага Бога, бо, слухаючы голас натхнення Духа Святога, намагаюцца так жыць сярод людзей, каб усе маглі пазнаваць прысутнасць Бога. Кансэкраваныя асобы з’яўляюцца бачным знакам Бога ў свеце, а, схіляючыся над беднымі і патрабуючымі, яны становяцца рукамі Бога, сэрцам Бога, голасам Бога.

5. У Каталіцкім Касцёле ва ўсім свеце існуе каля 2000 манаскіх супольнасцяў, да якіх належыць амаль мільён асобаў. Кожная манаская супольнасць мае сваю харызму і такім чынам робіць Касцёл усебакова багатым і разнастайным. Айцы Касцёла параўноўваюць шматлікасць манаскіх супольнасцяў і разнастайнасць дароў, якія яны маюць, з вялікай колькасцю розных кветак: яны хоць і розныя, але па-свойму прыгожыя і не выключаюць адна адну, а ўзбагачаюць і ствараюць непаўторны вобраз прыгажосці Касцёла.

Як бачым, у Каталіцкім Касцёле ёсць вялікая колькасць людзей, якія распазналі голас Бога і пайшлі за Ім, аднак колькасць тых, хто не ведае Бога, у сучасным свеце нашмат большая і перавышае некалькі мільярдаў. Хто данясе да іх праўду пра Езуса Хрыста, калі не кансэкраваная асоба, якая Яго пазнала? Сёння Бог мае патрэбу ў кансэкраваных асобах, каб праз сведчанне жыцця і слова дапамагчы многім людзям сустрэцца з Богам. Сёння сведка Хрыста павінен не толькі чакаць, пакуль хтосьці прыйдзе ў святыню, але і сам выходзіць да людзей і казаць ім пра сэнс жыцця, існаванне Бога і Яго любоў, пацвярджаючы свае словы Евангеллем, традыцыяй Касцёла і, што вельмі важна, уласным досведам жывога Бога. Чалавек сучаснага свету больш слухае сведкаў, чым настаўнікаў.

6. На працягу ўсёй гісторыі Касцёла ў сэрцах маладых людзей Бог узбуджаў жаданне дасканаласці, каб атрымаць жыццё вечнае. Пра такое жаданне, між іншым, чытаем і на старонках Евангелля. Пэўны багаты юнак прыходзіць да Езуса і пытаецца: «Настаўнік, што добрага зрабіць мне, каб мець жыццё вечнае?» (Мц 19, 16). Мы добра ведаем гэты фрагмент Евангелля, у якім багаты юнак выказвае жаданне быць дасканалым: так пражыць сваё непаўторнае жыццё, каб не шкадаваць ні за адзін пражыты дзень і ў выніку здабыць жыццё вечнае.

Такое жаданне жыве і ў сэрцах многіх сучасных маладых людзей: жаданне быць ідэальным у Божых вачах. Аднак ад жадання да яго рэалізацыі ёсць яшчэ адзін вельмі важны крок: трэба цалкам даверыцца Богу і на Яго ўскласці ўсю сваю надзею. Той, хто жадае ісці за Езусам, не можа мець падзеленага сэрца.

Багатаму юнаку гэтага нестае. Ён не можа адважыцца на тое, каб зрабіць гэты важны крок, прыняць рашэнне адмовіцца ад матэрыяльнай забяспечанасці, ад зямнога дабрабыту і самааддана пайсці за Хрыстом. Мы ведаем вынік гэтай сустрэчы юнака з Езусам: малады чалавек адышоў маркотны, і евангеліст Мацвей выразна тлумачыць, чаму: «Бо меў вялікую маёмасць» (Мц 19, 22). Юнак не здолеў пакінуць багацце зямное, у якім бачыў поспех свайго жыцця, на якое ўскладаў надзею. Езус сам робіць выснову з гэтай гісторыі: «Сапраўды кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае» (Мц 19, 23).

7. Нашыя дні не пазбаўленыя гэтага Божага голасу, Божага запрашэння пайсці за Ім. Маладыя людзі ў сучасным свеце нярэдка адчуваюць жаданне ісці дарогай больш дасканалага жыцця паводле Божай меры. Гэта радыкальнае жаданне жыць у праўдзе, у вернасці Езусу і Божым наказам і такім чынам глыбока перажываць адносіны са Стварыцелем і адчуваць сябе ў поўнай меры рэалізаванай асобай. Такое жаданне можна адважна назваць запрашэннем самога Бога, у якім Творца паказвае маладому чалавеку шлях да дасканаласці. Бог прапануе: «Пайдзі за Мной, даверся Мне, і Я павяду цябе». Такое запрашэнне мы называем пакліканнем.

Калі малады чалавек распазнае гэты голас, а таксама свядома і дабравольна прымае рашэнне пайсці за ім, пачынаецца непаўторная прыгода жыцця. Менавіта прыгода, бо, пачынаючы з першага кроку, калі пакліканы кажа «так» і прымае Божае запрашэнне, праз гады Бог можа прывесці яго нават у іншую краіну і на іншы кантынент, каб сведчыць аб Ім.

Аднак як у часы багатага юнака, так і сёння існуе спакуса больш давяраць выпрабаваным матэрыяльным сродкам і забяспечыць сабе жыццё, чым у веры спадзявацца на Бога. З-за недаверу да Бога нярэдка заглушаецца Божае запрашэнне, пакліканне.

Ніхто не кажа, што гэта лёгкі шлях. Ён поўны выпрабаванняў, супраціву і незразумення, аднак можна быць упэўненым у тым, што і Бог асаблівым чынам беражэ таго, хто адгукнуўся на Яго запрашэнне і верна ідзе за Ім.

Бог прымае пакліканых як сваю асабістую ўласнасць. Ці гэта не самы прыгожы дар, які можа атрымаць кансэкраваная асоба?

8. Сёння мы звяртаемся да маладых людзей, сэрцы якіх палаюць агнём ідэалу наследаваць Хрыста на шляху кансэкраванай дасканаласці. Не бойцеся адчыніць дзверы свайго сэрца Хрысту, бо Ён ведае, што там адбываецца. Ён ведае высакароднасць жаданняў і адначасова страх не справіцца, не вытрымаць на гэтай дарозе. На працягу многіх стагоддзяў людзі чулі Яго запрашэнне і ішлі за Ім, даючы сведчанне прысутнасці жывога Бога. Сёння Ён патрабуе вашых рук, ног, голасу і сэрца. Калі чуеце Яго запрашэнне, прыміце яго і адкажыце «так», цалкам даверыўшыся Божаму Провіду.

Сёння мы таксама звяртаемся да вас, кансэкраваныя асобы Беларусі, якія распазналі голас Езуса Хрыста і адважна пайшлі за Яго запрашэннем. Вы з’яўляецеся сведкамі Яго прысутнасці сярод нас, у нашай сучаснай гісторыі і культуры. Будзьце вернымі сведкамі прысутнасці Бога ў Беларусі, нашай любай краіне. Не стамляйцеся ў вернасці Хрысту. Адказна выконвайце тыя абавязкі, якія даручае вам Каталіцкі Касцёл, каб праз вашае служэнне кожны чалавек, які вас сустракае, мог з глыбокім перакананнем сказаць, што Бог ёсць, што Ён блізка і што Ён добры.

Усіх, а асабліва асоб кансэкраванага жыцця, мы ахінаем сваёй малітвай i ад усяго сэрца благаслаўляем.

Каталіцкія біскупы Беларусі

Абноўлена 31.01.2020 17:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа