Пошук

29.01.2020 11:21   Тэкст: Кс. Артур Малафей / Фота: Станіслаў Барсукевіч / Catholic.by

З 27 студзеня ў Варшаве (Польшча) праходзіць турнір па футболе сярод дзяцей і моладзі ва ўзроставых групах з 2003 да 2010 гадоў нараджэння, у якім бяруць удзел дзіцячыя і юнацкія каманды з Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны.

Беларусь на спаборніцтвах прадставілі дзве каманды з Гродна: юнакі 2003 і 2004 гадоў нараджэння. Гэта своеасаблівыя зборныя, у якіх гуляюць хлопцы з пяці гродзенскіх парафій.

Іх сабраў разам ксёндз Артур Малафей, адказны душпастыр у галіне спорту і фізічнага выхавання ў Гродзенскай дыяцэзіі.

Галоўная мэта турніру, які ўжо ў 29-ы раз праводзіцца ў сталіцы суседняй краіны, — гэта выхаванне дзяцей і моладзі ў здаровым спартовым духу, што спрыяе іх лепшай інтэграцыі ў супольнасці, выпрацоўвае ўменне правільна сябе паводзіць у розных абставінах, павышае агульны ўзровень культуры, дапамагае быць больш арганізаванымі ў штодзённым жыцці і з карысцю праводзіць вольны час.

Малітва на пачатку матчаў і пасля іх дапамагае ўдзельнікам спаборнічаць у хрысціянскім духу братэрства і любові да Бога і бліжніх.

Абедзве беларускія каманды выступілі паспяхова.

Па выніках спаборніцтваў каманда юнакоў 2004 года нараджэння заняла першае месца на міжнародным турніры. Лепшым бамбардзірам у гэтай узроставай катэгорыі стаў Ягор Сідорык з Гродна, а лепшым гульцом быў прызнаны яго аднагодка Эдгар Барсукевіч.

Іх старэйшыя калегі 2003 года нараджэння занялі на турніры другое месца, а лепшым гульцом у гэтай узроставай групе быў прызнаны Альфрэд Мазурыч.

Пераможцы і прызёры турніру былі ўзнагароджаны кубкамі і памятнымі падарункамі ад арганізатараў. На цырымоніі ўзнагароджання прысутнічалі біскуп Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі Рамуальд Камінскі, а таксама рэктар Мітрапалітальнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Варшаве кс. Войцех Бартковіч.

Абноўлена 29.01.2020 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця