25 студзеня ў касцёле святога Міхала Арханёла ў Навагрудку прайшоў канцэрт арганнай і класічнай музыкі.
У канцэрце ўзялі ўдзел маладыя выканаўцы з розных краін, якія вучацца ў Міжнароднай школе QSI, а таксама вучні класу аргана настаўніцы Святланы Рэзько з музычнай школы № 1 імя Л.П. Александроўскай з Мінска.
У канцэрце прагучалі рэлігійныя музычныя творы, калядкі і творы вядомых кампазітараў.
У якасці акампаніятара для маладых талентаў выступіў піяніст Белдзяржфілармоніі, лаўрэат і пераможца нацыянальных і міжнародных конкурсаў Аляксандр Музыкантаў.
Першы падобны канцэрт адбыўся ў навагрудскім касцёле святога Міхала Арханёла тры гады таму, і з той пары падобныя мерапрыемствы сталі добрай святочнай традыцыяй парафіі.
Сёлета сваімі талентамі жыхароў Навагрудка парадавалі юныя музыканты і вакалісты з Беларусі, Украіны, Польшчы, Славакіі, Кітая і Паўднёвай Карэі, вучні міжнароднай школы QSI у Мінску.
Гэта школа сумеснага навучання, у вучнёўскім калектыве якой прадстаўлена больш за 25 розных культур. Тут вучацца дзеці, бацькі якіх прыязджаюць у Мінск на працу на абмежаваны час: гэта супрацоўнікі дыпламатычных місій, міжнародных грамадскіх арганізацый і замежных прадпрыемстваў.