Пошук

10.01.2020 12:30   Тэкст і фота: Віталій Палінеўскі / Відэа: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

З нагоды свята Божага Нараджэння святы Мікалай працягвае наведваць парафіі. 5 студзеня ён завітаў у Мар’іну Горку і Рудзенск.

Хоць святы Мікалай прывёз амаль поўны мікрааўтобус падарункаў, атрымаць іх аказалася не так проста. Для гэтага, як папярэджваў парафіянаў пробашч кс. Генрык Кучынскі, трэба было праявіць нейкія таленты і здольнасці.

Спачатку святы Мікалай наведаў парафію св. Антонія Падуанскага ў Мар’інай Горцы. Там дзеці і моладзь здавалі знакамітаму святому экзамен па рэлігійных ведах. Прычым, як высветлілася, ён задаваў не тыя пытанні, да якіх дзеці рыхтаваліся, але ўсё атрымалася добра.

Святы быў асабліва ўражаны тым, што некаторыя дзеці на працягу пэўнага часу збіралі грошы і аддалі іх на ўтрыманне касцёла.

Гэты ахвярны і адказны ўчынак, безумоўна, варты павагі.

Затым малыя і дарослыя парафіяне вырашылі здівіць святога сваімі творчымі здольнасцямі і паказалі спектакль на тэму Божага Нараджэння. У спектаклі ўдзельнічалі 20 акцёраў ад 4 да 67 гадоў. Ужо каторы год запар яго рэжысёрам і сцэнарыстам стала Сняжана Буцук. Ад яе мы даведаліся, што падрыхтоўка да спектаклю доўжылася два з паловай месяцы і ў гэты дзень адбылася толькі прэм’ера, а наперадзе цэлыя гастролі: плануюцца выступленні ў Чэрвені, Рудзенску, Асіповічах, Уборку і, магчыма, Івянцы.

12-гадовая акцёрка Цвятана Баганік кажа: «Калі мы ладзім такія выступленні, мы ўкладаем у іх душу, і яшчэ такім чынам дзякуем Богу за ўсё, што Ён нам дае».

Найстарэйшы акцёр, Франц Курдэка, выступаў разам з унучкай і двума ўнукамі. Яго выкананне ролі пірата была нечаканым і даволі эфектным. «Нават цікава граць з меньшымі. Мне спадабалася, дзецям, здаецца, таксама», — адзначае ён.

Для яго ўнука Ягора ўдзел у спектаклі — магчымасць выпусціць энэргію: «А то дома валяемся ў гэтых мабільніках. Ну, і падарунак атрымаць можна».

Раздаўшы падарункі і паабяцаўшы абавязкова прыехаць на наступны год, святы Мікалай накіраваўся ў парафію святых апосталаў Пятра і Паўла ў Рудзенску.

Вернікі з рудзенскай парафіі збіраюцца на святую Імшу ў невялікім касцёле, пабудаваным паўтары гады таму. Месца няшмат, затое ўтульна. Паколькі кс. Генрык Кучынскі ездзіць сюды з Мар’інай Горкі, многімі справамі парафіянам даводзіцца займацца самім. Такім чынам, прыгожая калядная батлейка — твор выключна іх майстэрства. 

Пасля Імшы дзеці выходзяць сустракаць доўгачаканага госця.

«Нешта ў святога Мікалая мікрааўтобус вельмі падобны да ксяндзоўскага», — засумняваліся некаторыя. Але густая белая барада і высокая мітра пераконваюць: гэта сапраўдны святы Мікалай.

Чым яшчэ можна было здзівіць святога Мікалая пасля канцэрту ў Мар’інай Горцы? Ды хоць бы трубой! Юны парафіянін міністрант Уладзімір Дарожка сыграў на ёй некалькі кампазіцый, сярод якіх вядомы твор Ёгана Себасцьяна Баха Ave Maria.

Іншыя дзеці спявалі, дэкламавалі вершы, паказвалі, як умеюць маліцца. А за самых маленькіх адказваць давялося іх бацькам.

Атрымаўшы падарункі, парафіяне таксама зрабілі святому Мікалаю прэзент: футболку з выявай грузавога аўтамабіля ЗІЛ.

Мабыць, з намёкам, каб на наступны год святы прыехаў на ЗІЛе. Вядома, у грузавік больш падарункаў змесціцца, і ў пробашча мікрааўтобус пазычаць будзе не трэба.

Абноўлена 10.01.2020 13:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.