З 21 снежня па 15 студзеня ў мінскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа, што на Кальварыйскіх могілках, праходзіць выстава фатаграфіі «Твой вобраз — маё натхненне».
Як часта мы захапляемся ўчынкамі і справамі святых, як часта думаем: «Вось я мог бы быць падобным да яго!»
Маленькія вернікі сталічнай парафіі касцёла Узвышэння Святога Крыжа атрымалі заданне расказаць пра святых, якія сталі для іх прыкладам, чые думкі і лад жыцця натхняюць іх імкнуцца да дасканаласці.
Каб узмацніць эфект, дзеці «прымерылі» на сябе вобраз любімага святога і сфатаграфаваліся ў ім.
Падчас адкрыцця выставы мы распыталі маленькіх аўтараў, як яны шукалі натхненне для работы і ў якім вобразе з’явіліся на здымках.
— Я натхнялася вобразам Панны Марыі з Меджугор’я, таму што для мяне ён поўны бязмежнай любові, спагады і падтрымкі. Дзева Марыя заклікала маліцца за мір, рабіць учынкі міласэрнасці і штодня, у кожнай будзённай справе, пакорна і радасна ісці за Хрыстом.
Яе словы кіруюць усімі маімі ўчынкамі.
— Я граю на фартэпіяна і таму абрала вобраз святой Цэцыліі, якая з’яўляецца заступніцай музыкаў. Паводле падання, яна малілася Богу і спявала духоўныя песні на хвалу Хрыста.
Калі я рэпецірую складаныя музычныя творы, то заўсёды ўспамінаю яе настойлівасць, самаахвярнасць і веру. Гэта мяне натхняе працягваць заняткі, каб мець магчымасць праз музыку славіць Пана Бога.
— Я абраў для пераўвасаблення вобраз святога Яна Паўла II. Я захапляюся гэтым Папам, яго сціпласцю, дабрынёй і міласэрнасцю. Ён нават знайшоў сілы дараваць чалавеку, які ў яго страляў і цяжка параніў.
Ян Павел II імкнуўся аб’яднаць народы розных рэлігій. Я таксама мяркую, што ўсе людзі павінны жыць дружна, у міры.
— Мой герой — святы Тамаш Аквінскі. Ён уразіў мяне сваім розумам і мудрасцю. Ён змог сфармуляваць пяць доказаў быцця Бога.
Тамаш Аквінскі лічыў, што сіла разумення душы, гэта значыць ступень пазнання ёю Бога, вызначае прыгажосць чалавечага цела. Я таксама імкнуся да такой прыгажосці.
Як адзначыў пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ксёндз Андрэй Сіповіч, гэтая фотавыстава адлюстроўвае асаблівае сяброўства дзяцей са святымі, якія з’яўляюцца нашымі заступнікамі ў небе. Гэта таксама нагода і для ўсіх нас успомніць святых, у чый гонар нас назвалі бацькі, нагода аднавіць нашае сяброўства з імі.
Куратар выставы — Надзея Коўш.
Выстава праходзіць да 15 студзеня ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа па адрасе:
г. Мінск, Кальварыйскі праезд, 1 (на тэрыторыі Кальварыйскіх могілак).
Запрашаем ацаніць падабенства!