Пошук

26.12.2019 11:37   Тэкст: А. Юрый Кулай OCD, Анастасія Грышан / Фота: Алеся Мілько / Catholic.by

25 снежня, ва ўрачыстасць Божага Нараджэння, у парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі адсвяткавалі 30-годдзе вяртання касцёла вернікам пасля дзесяцігоддзяў заняпаду. Урачыстую цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які сёлета адзначае 30-годдзе прыняцця біскупскага пасвячэння.

У 1989 г., таксама на Божае Нараджэнне, у касцёле адбылася першая святая Імша. Сёлета прыпадае 265-я гадавіна з часу пабудовы гэтага касцёла.

На ўрачыстасць, між іншым, прыбылі запрошаныя былыя пробашчы парафіі а. Аркадзь Куляха OCD з Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску і а. Бэрнард Радзік OCD, пробашч парафіі св. Андрэя, апостала, у Нарачы. Прысутнічалі кс. Багуслаў Маджэеўскі, дэкан Мядзельскага дэканату, кс. Андрэй Стэцкевіч з Мінска, а. Юрый Находка OCD і сёстры кармэліткі Дзіцяткі Езуса з Гудагая, шматлікія парафіяне і госці.

На пачатку Імшы арцыпастыр павіншаваў усіх прысутных са святам Божага Нараджэння і ўзгадаў, як здзейсніў рэкансэкрацыю мядзельскай святыні ў 1990 г.

У гаміліі іерарх падзякаваў Богу за цуд аднаўлення касцёлаў у Беларусі, падзякаваў усім тым, хто не баяўся адстойваць веру ў Бога, вяртанне і аднаўленне святыняў.

Таксама арцыбіскуп звярнуў увагу, што народ Божы — гэта жывыя цагліны, якія ўтвараюць будоўлю паўсюднага і мясцовага Касцёла. Ён нагадаў, што кожная святая Імша — гэта новае нараджэнне Хрыста на алтары ў святыні, каб пазней быць нашым пасілкам на шляху да вечнай Айчыны.

Іерарх выказаў удзячнасць айцам кармэлітам за пастырскую апеку над парафіяй, рамонты святыні, будаўніцтва кляштарна-пастырскага цэнтра і адбудову мядзельскай Кальварыі — традыцыйнага месца культу на мядзельскай зямлі.

Арцыбіскуп назваў сімвалічным тое, што 30 гадоў таму першая Імша ў гэтым касцёле адбылася на Божае Нараджэнне.

«З Евангелля мы ведаем, што Езус прыйшоў да сваіх, але Яму не было месца. Доўгія дзесяцігоддзі на нашай зямлі для Езуса таксама не было месца. Яго выганялі. Але Бог яшчэ раз паказаў, што ўмее пісаць проста на пакручастых лініях гісторыі і менавіта Ён ставіць апошнюю кропку над „і“», — дадаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Кажучы пра таямніцу Богаўцелаўлення як праяўленне бязмежнай любові Бога да чалавека, іерарх адзначыў: «Ён прыйшоў, каб збавіць чалавецтва, і ўчыніў гэта праз сваю пасхальную таямніцу. Пасля свайго ўнебаўшэсця Хрыстус не перастаў быць Эмануэлем — Богам з намі. Ён прыходзіць праз служэнне Касцёла. Нам неабходна Яго прыняць».

«Сучасны секулярны свет прапануе не хрысціянскія, а бездухоўныя каштоўнасці. Нават мы, хрысціяне, часам хочам будаваць наша жыццё без Хрыста, не на Яго вучэнні, а на сваім, — дадаў арцыбіскуп. — Хрыста мы ведаем з моманту хросту, таму не трэба Яго баяцца. Ён нічога не забярэ, а толькі адорыць сваімі дарамі».

Пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі павіншаваў прысутных са святамі Божага Нараджэння і надыходзячага Новага года і пажадаў благаслаўлення Божага Немаўляткі і Яго супакою.

На заканчэнне ўрачыстасці быў супольна праспяваны гімн Te Deum як падзяка Богу за дар вяртання касцёла. Душпастыры парафіі кармэліты босыя, а таксама парафіяне павіншавалі арцыбіскупа Кандрусевіча з 30-годдзем біскупскага служэння, а ўсіх прысутных са святам Нараджэння Пана.

 

Абноўлена 27.12.2019 08:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця