Пошук

23.12.2019 13:16   Тэкст: Анастасія Грышан / Catholic.by

Увечары 21 снежня ў мінскі катэдральны касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі прыбыў Бэтлеемскі агонь, які даставілі ў Беларусь каталіцкія скаўты.

Перад святыняю скаўцкую эстафету з агнём, запаленым у пячоры Нараджэння Хрыста ў Бэтлееме, сустрэў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пасля ўсталявання лампады з агнём перад прэзбітэрыем іерарх звярнуўся да прысутных.

Найперш ён падзякаваў скаўтам, якія ў чарговы раз прынеслі агонь у сталіцу нашай краіны. Сёння, адзначыў арцыпастыр, цяжка ўявіць вялікія набажэнствы і касцёльныя акцыі без скаўтаў. Скаўцкі рух у Беларусі развіваецца, фармуе будучых беларускіх грамадзянаў у духу любві да Бога і бліжняга, дадаў арцыбіскуп, нагадаўшы, што добры хрысціянін — гэта заўсёды добры грамадзянін.

Іерарх падкрэсліў, што ў гэтым годзе прыбыццё Бэтлеемскага агню мае сімвалічнае значэнне.

У мінскай катэдры адбываюцца адвэнтавыя рэкалекцыі, якія праводзіць былы вікарый катэдральнай парафіі, а сёння пробашч парафіі святой Барбары ў Замосці ксёндз Віталій Драздоўскі. Мэтай гэтых духоўных практыкаванняў з’яўляецца падрыхтоўка сэрцаў людзей да прыйсця Пана.

У Евангеллі паводле Яна нагадваецца, адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, што святло прыйшло ў свет і цемра не змагла яго ахапіць. Гэтым святлом з’яўляецца Хрыстус — сонца, якое ніколі не заходзіць, і Яго Евангелле. Запалены ў пячоры нараджэння Хрыста ў Бэтлееме агонь з’яўляецца сімвалам гэтага боскага агню, які асвятліў свет дзве тысячы гадоў таму ў таямніцы Богаўцелаўлення.

Традыцыйна мы нясём яго ў нашы дамы, каб нагадваў аб радасці Божага Нараджэння і аб тым, што толькі святло Хрыста можа асвятліць духоўную цемру сучаснага свету, заўважыў арцыбіскуп.

Іерарх заахвоціў вернікаў браць Бэтлеемскі агонь дадому і запаліць падчас вігіліі, каб ён набліжаў нам таямніцу Богаўцелаўлення, якая мела месца ў Бэтлееме дзве тысячы гадоў таму, і дапамагаў у духу Евангелля адзначаць святы Божага Нараджэння, каб у новы год мы ўступалі ў святле Нованароджанага Збаўцы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця