18 снежня ў Мінскім абласным клінічным шпіталі ў пасёлку Лясны адбылася традыцыйная аплаткавая сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з медперсаналам і хворымі.
У прамове да прысутных арцыбіскуп падкрэсліў, што другая частка Адвэнту, з 17 па 24 снежня, прысвячаецца непасрэднай падрыхтоўцы да Божага Нараджэння. Чытанні, якія Касцёл прапануе нашай увазе ў гэты час, уводзяць у таямніцу прыйсця Сына Божага ў свет. 18 снежня Евангельскі тэкст засяроджвае ўвагу на святым Юзафе, якому была аб’яўлена таямніца Богаўцелаўлення.
Іерарх адзначыў, што, хоць у Евангеллі няшмат сказана пра святога Юзафа, яго роля ў нараджэнні Збаўцы вялікая. Евангеліст называе Юзафа справядлівым. Яго справядлівасць праявілася ў тым, што ён, калі яму аб’явіўся арханёл Габрыэль і сказаў, што Марыя зачала ад Святога Духа і народзіць Збаўцу, узяў Яе ў свой дом. Такім чынам, ён абараніў Яе, замест таго, каб данесці і пакараць.
У такім учынку Юзафа, дадаў арцыбіскуп, праявілася новае разуменне справядлівасці, а яно праяўляецца ў любові да бліжняга, асабліва патрабуючага.
«Паслухмянасць Марыі дала пачатак ажыццяўленню Божага плану збаўлення чалавецтва. Паслухмянасць Юзафа дапамагла ў яго рэалізацыі, — адзначыў арцыпастыр. — Мы павінны вучыцца ў Юзафа і Марыі цноце паслухмянасці, каб быць справядівымі ў вачах Бога. Мы павінны зрабіць сваім жыццёвым правілам словы Езуса: „Што зробіце аднаму з гэтых найменшых, мне зробіце“». Езус жа, падкрэсліў іерарх, атаясамлівае сябе з церпячымі.
Медыкі дапамагаюць хворым, ім трэба ў імя паслухмянасці свайму пакліканню заўсёды спяшацца з дапамогай, дадаў пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Падобна і святары ўдзень і ўначы павінны быць гатовыя ехаць да хворага, каб яго паспавядаць, намасціць алеем хворых і даць святую Камунію як хлеб вечнага жыцця, нагадаў ён.
Зыходзячы з хрысціянскага прынцыпу любові да бліжняга, мы не можам дапусціць ніякага папроку з боку патрабуючых, звярнуў увагу арцыбіскуп. «Ад таго, як мы ставімся да іх, залежыць іх будучыня, здароўе, шчасце», — сказаў ён.
Іерарх заахвоціў медыкаў з радасцю прымаць тых, якія патрабуюць іх прафесійнай дапамогі, каб праз іх паслугу Езус нарадзіўся ў сэрцах гэтых людзей.
Недастаткова, заўважыў ён, толькі памятаць пра гістарычную падзею Божага Нараджэння: Езус павінен нарадзіцца ў сэрцах сваёй ласкай.
Арцыпастыр павіншаваў медыкаў і хворых з блізкімі святамі Божага Нараджэння і Новым годам і пажадаў ласкі Немаўляткі Езуса, супакою, радасці, шчасця, поспехаў у асабістым жыцці і працы, моцнага фізічнага здароўя і сілы духа.